1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Ліквідавана грамадскае аб’яднанне «Кола сяброў»

Юнэля Крупенька

Арганізацыю, якая дзейнічала ў Магілёўскім рэгіёне больш за 10 год, ліквідавалі за 4 гадзіны. Асноўная частка судовага разбору тычылася высвятлення абставінаў з’яўлення нагруднага значка з эмблемай «Кола сяброў».

https://p.dw.com/p/8f6U

20 чэрвеня Магілёўскі абласны суд ліквідаваў найбольш уплывовую дэмакратычную арганізацыю рэгіёна «Кола сяброў». Згодна позыву мясцовага ўпраўлення юстыцыі, грамадскае аб’яднанне працяглы час парушала дзейнае заканадаўства і ўласны статут. У прыватнасці, прычынай ліквідацыі стала прадастаўленне недакладных пратаколаў сходаў і спісаў сябраў арганізацыі, парушэнне Жыллёвага кодэксу Рэспублікі Беларусь, а таксама выкарыстанне незарэгістраванага арганізацыйнага значка.

Грамадскую арганізацыю, якая дзейнічала ў Магілёўскім рэгіёне больш за 10 год, ліквідавалі за 4 гадзіны. Пры гэтым асноўная частка судовага разбору тычылася высвятлення абставінаў з’яўлення нагруднага значка з эмблемай «Кола сяброў». І хаця ўсе сведкі адмовілі факт вырабу арганізацыяй уласнага значка, суддзя Людміла Халадцова прызнала гэта ў якасці абвінаваўчага аргумента. Пра астатнія больш сур’ёзныя прычыны закрыцця арганізацыі ўзгадалі толькі нібыта паміж справай. І ўвогуле, у сваім рашэнні суд практычна працытаваў пазоўную заяву ўпраўлення юстыцыі аб ліквідацыі «Кола сяброў».

У сваім выступе на судзе дырэктар «Кола сяброў» Алесь Асіпцоў адзначыў, што суд стаў лагічным працягам пастаяннага ціску на арганізацыю з боку ўладаў. Так, у сакавіку бягучага года была беспадстаўна скасавана дамова на арэнду памяшкання, якое служыла аб’яднанню юрыдычным адрасам. Два апошнія гады арганізацыя значны час прысвячала перапісцы і тлумачэнням з кантралюючымі органамі.

Магілёўскае «Кола сяброў» да апошняга моманту заставалася адзінай ацалелай арганізацыяй з ліку рэсурсовых цэнтраў, якія дзейнічалі ў кожнай вобласці Беларусі. «Грамадзянскія ініцыятывы» ў Гомелі, «Вежа» ў Берасці, «Ратуша» ў Гародні былі ліквідаваны ўладамі яшчэ раней. Рэсурсовыя цэнтры значна ўплывалі на грамадскае жыццё ў сваіх рэгіёнах, дапамагаючы разнастайным чынам мясцовым недзяржаўным арганізацыям. Актыўную ролю рэсурсовых цэнтраў у сацыяльна-палітычным жыцці краіны можа ілюстраваць той факт, што лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч ачольваў гарадзенскі цэнтр «Ратуша» да моманту ягонага закрыцця. А кіраўніцтва выбарчых штабоў адзінага кандыдата ў час апошняй прэзідэнцкай кампаніі ў рэгіёнах складалі менавіта былыя актывісты рэсурсовых цэнтраў.

У інтэрв’ю «Нямецкай хвалі» дырэктар «Кола сяброў» Алесь Асіпцоў заўважыў відавочны палітычны матыў закрыцця ягонай арганізацыі. Паводле словаў Асіпцова, з ліквідацыяй «Кола сяброў» у прынцыпе знікае недзяржаўны сектар у Магілёве. Тыя ж сацыяльныя арганізацыі, якія застаюцца ў юрыдычнай прасторы, паспрабуюць прыстасавацца да ўмоваў, якія дыктуе сённяшняя ўлада. Алесь Асіпцоў дадаў, што жаданне выжыць прымусіць чальцоў грамадскіх арганізацыяў дзейнічаць па дзяржаўных праектах, якія часта далёкія ад інтарэсаў супольнасцяў і не стымулююць грамадзянскую салідарнасць і ініцыятыву.