1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

На шлях "За Свабоду!"

Юнэля Крупенька

Пасля масавых арыштаў пад час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, пасля штурму намётавага гарадку на Кастрычніцкай плошчы, пасля разгону мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка шмат хто пачынае сумнявацца,

https://p.dw.com/p/8AgR

ці хопіць беларусам сіл для барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасці.

Грамадзянская ініцыятыва «За свабоду» адказвае: Свабода пераможа з дапамогай праўды, смеласці і дзеяння.

Ініцыятыва «За свабоду» з’явілася ў час прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Яна не мае кіраўнікоў. Яе распачалі людзі, якія вераць у свабоду, у тое, што без яе немагчыма паўнавартаснае і здаровае жыццё Радзімы. Колеры кампаніі «За свабоду» – белы і чырвоны. Ейны лагатып – слова «свабода» з крыламі. Апошнім часам пазнавальныя налепкі, значкі і шэўроны сталі ўсё часцей з’яўляцца ў розных гарадах Беларусі.

Упершыню ініцыятыва «За свабоду» грунтоўна дэкларавала сябе, калі тысячы карыстальнікаў сеціва атрымалі па сваіх электронных адрасах інфармацыю аб тым, чаму беларусам варта 19 сакавіка выйсці на Кастрычніцкую плошчу. У адрозненні ад сотні такіх паведамленняў, тут утрымліваўся не толькі палкі заклік, але і карысныя практычныя парады, як варта апранацца і як неабходна паводзіць сябе ў выпадку гвалтоўнага разгону.

Днямі ініцыятыва «За свабоду» разаслала інфармацыю з актуальным загалоўкам «Што рабіць пасля 25-га сакавіка?». І сама ж дала адказ: «Рабіць Свабоду!». Актывісты кампаніі раяць пачынаць з малых справаў. Насіць джынсы і нашыўкі з нацыянальнай сімволікай, часцей размаўляць па-беларуску, асабліва ў грамадскіх месцах, спампоўваць праўдзівую інфармацыю з незалежных сайтаў і распаўсюджваць яе сярод апалітычных сяброў і сваякоў. “Пастаўце прынтэры на службу Бацькаўшчыны. Памнажайце тэксты і кідайце іх у паштовыя скрыні суседзям. Клейце ў пад’ездах і на прыпынках. А калі ў вас няма прынтэру – у вас ёсць рукі. Прысвяціце 15 хвілін напісанню ўлётак. Самаменш 2 чалавекі атрымаюць ад вас глыток праўды”, - сцвярджае ініцыятыва «За свабоду!».

Акрамя таго, ініцыятыва заклікае таксама і да грунтоўных дзеянняў. Па-першае, жыхарам і гасцям Мінску неабходна штодня з 18.30 да 19.30 прагульвацца ў раёне плошчы Каліноўскага (так актывісты зараз называюць Кастрычніцкую плошчу), знаёміцца з паплечнікамі, абменьвацца тэлефоннымі нумарамі. І па-другое, грамадзяне павінны маральна падтрымаць палітзняволеных. Ініцыятыва «За свабоду!» прапаноўвае ўсім жадаючым дзяжурыць з кветкамі каля прыёмніка-размеркавальніка на Акрэсціна і каля іншых пастарункаў, дзе знаходзяцца затрыманыя. Аўтары кампаніі запэўніваюць, «усе, каму давялося пабываць у вязніцы, ведаюць, што сустрэча мае важнае псіхалагічнае значэнне для тых, хто выходзіць на свабоду».