1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“Нерухомасцю павінны кіраваць прафесіяналы”

Юнеля Крупенька

У Гомелі адбылася прэзентацыя праграмы падрыхтоўкі кіраўнікоў шматкватэрных дамоў і адміністратыўных будынкаў. Праграма афіцыйна зацверджаная на дзяржаўным узроўні. Тым не менш яе прэзентацыя апынулася пад пагрозай зрыву

https://p.dw.com/p/9D3W

Рыхтаваць адмыслоўцаў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі будзе Міжгаліновы інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па менеджменце і развіцці персаналу БНТУ.

Праграма павышэння квалiфiкацыi кіраўнікоў шматкватэрных дамоў і адміністратыўных будынкаў – гэта 80-гадзінны навучальны курс, які дае падставовыя веды для эфектыўнай i якаснай арганiзацыi эксплуатацыi i тэхнічнага абслугоўвання сумеснай долевай маёмасці. Адзін з аўтараў новай праграмы, спецыялiст па камерцыйным камунальным абслугоўванні бiзнес-цэнтраў Эдуард Латушка распавёў «Нямецкай хвалі», што канчатковая мэта навучання – гэта стварэнне інстытута прафесійных кіраўнікоў у галіне нерухомасці.

“Праграма вельмі цікавая. Сёння ў нас ствараецца шмат таварыстваў уласнікаў, а таксама жыллёва-будаўнічых кааператываў, у якіх старшыні – гэта людзi розных спецыяльнасцей без адпаведнай адукацыі. Увесь міжнародны досвед сведчыць, што нерухомасцю, і ў прыватнасці жыллёвым фондам, павінны кіраваць прафесіяналы, людзі навучаныя, падрыхтаваныя”.

Эдуард Латушка падкрэсліў, што праграма ў першую чаргу разлічаная на старшыняў таварыстваў уласнікаў і жыллёвых кааператываў, дзе кіраванне сумеснай маёмасцю здзяйсняецца непасрэдна самімі ўласнікамі. У гэтым сэнсе новая спецыяльнасць папулярызуе стварэнне такіх самакіруемых некамерцыйных структураў, якія з’яўляюцца альтэрнатывай існуючым ЖЭСам. Насамрэч, практыка сведчыць, што стварэнне таварыстваў уласнікаў выгаднае і дзяржаве, і самім жыхарам. Так, у 2003 годзе была прынятая Пастанова ўраду, якая забараніла ўвод у эксплуатацыю і рэгістрацыю дамоў долевага будаўніцтва без стварэння таварыства ўласнікаў. Мiнiмум персаналу ў таварыствах уласнікаў, гнуткасць і зацікаўленасць у якасным абслугоўванні дазваляе скарачаць агульныя камунальныя выдаткі для кожнага канкрэтнага жыхара, хаця пры гэтым захоўваецца вышэйшы ўзровень паслугаў, чым у дамах камунальнай уласнасці. Акрамя таго, паводле Эдуарда Латушкі

“Сам па сабе рух таварыства ўласнікаў спрыяе не толькі стварэнню эфектыўнай сiстэмы арганiзацыi ўласнікамі тэхнічнага абслугоўвання сваёй маёмасці, але і спрыяе атрыманню навыкаў супольнага пражывання, супольнаму прыняццю рашэнняў. Таму што ўсе рашэнні ў таварыствах уласнікаў прымаюцца на агульным сходзе. I людзi проста вучацца прымаць цвярозыя рашэнні, калі меншасць не дамінуе над большасцю і нараджаецца менавіта нармальная дзелавая размова”.

У Гомелі прэзентацыю навучальнай праграмы для старшыняў таварыстваў эксперты з Мінску вымушаны былі праводзіць у прыватным катэджы. Справа ў тым, што арганізатарам непасрэдна перад пачаткам мерапрыемства было адмоўлена ў памяшканні, якое знаходзіцца ў дзяржаўнай установе. А ўсіх удзельнікаў здымалі на відэакамеру тры невядомыя, якія хаваліся ў машыне з таніраваным шклом. Паводле Iрыны Жыхар, каардынатаркі прэзентацыяў i лiдэркі Беларускай арганiзацыi працоўных жанчынаў, такія праблемы ўзніклі ўпершыню менавіта ў Гомелі. Iрына Жыхар спiсала iнцыдэнт на перастрахоўку i кансерватызм гомельскiх уладаў, якія засцерагаюцца праяваў усялякай ініцыятывы з боку грамадзянаў, нават калі гэтая ініцыятыва непалітычная і рэгламентаваная нарматыўна-прававымі дакументамі.