1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Новы нумар альманаха “pARTisan”: лузерства у шырокім кантэксце

Алена Данейка21 августа 2008 г.

Пабачыў свет сёмы нумар альманаха сучаснае беларускае культуры “pARTisan”, тэма якога - лузеры. Пра змест нумара і ягоную новую рубрыку - “Нямецкі партызан” - распавёў DW-RADIO галоўны рэдактар выдання Артур Клінаў.

https://p.dw.com/p/F2TL
Фото: Elena Danejko

Фармат апошніх нумароў “pARTisanа” трохі змянўся, распавядае галоўны рэдактар альманаха сучаснае беларускае культуры Артур Клінаў:

“Мы ўзялі курс на пашырэнне тэматаў. Мы пачыналі часопіс аб сучасным мастацтве, арце і нейкім найноўшым мысленні. Зараз прыярытэтамі з’яўляюцца ўсе актуальныя формы культуры на Беларусі: і тэатр, і кіно, і літаратура, і арт натуральна. Безумоўна, застаюцца тэмы нумару, тэматычны блок. Гэты нумар у кантэксце гэтай тэндэнцыі больш дэмакратычны ў сэнсе ахопу тэмаў. Паступова мы ўводзім новыя рубрыкі”.

Лузеры ў шырокім кантэксце

Магчыма, гэта будзе больш відавочна ў наступных нумарах, зазначае Клінаў і распавядае пра тэму сёмага нумару “pARTisanа” - лузеры:

“Лузеры ў шырокім кантэксце. Бо кожнаму відавочна, хто жыве на Беларусі, што гэта тэма вельмі акуальна для нас. Бо Беларусь - краіна, якая сваім гістарычным лёсам неяк папала ў лузерскае поле. Гэта праблема гістарычна ўтварылася і пакуль што мы яе да гэтага часу не вырашылі. Актуальнай яна яшчэ будзе доўга. І на розных узроўнях - пачынаючы з прыватнага асабістага жыцця, асобнага чалавека, і канчаючы лёсам народу, пэўнымі дзяржаўнымі стратэгіямі і г.д.”

Запаведнік лузераў альбо шчаслівыя няўдачнікі?

На вокладцы сёмага нумару “pARTisanа” твор Руслана Вашкевіча “Дзіна Верні. 2007” і ўрывак з тэкста Марыйкі Мартысевіч, напісанага, паводле рэдакцыйнага рэліза, пад патрыярхальным рэдакцыйным прымусам 8 сакавіка 2008 году. Дарэчы, гэты текст - “Мужчыны, яіх мы выбіраем”, надрукаваны ў “гендэрна збалансаванай рубрыцы “ФэмінEASTкі”.

Яшчэ пад вокладкай “pARTisanа” чытач знойдзе аналіз трансфармацыі дыскурсу пра Беларусь філосафа Алеся Анціпенкі, разважанні над загадкавым феноменам “лузер беларускі” паэта Сяргея Прылуцкага і яго альтэр-эга Сірошкі Пістончыка. Пра лузерскую сутнасць кіно і яго абітальнікаў па той і гэты бок кінаапарата піша Андрэй Расінскі. Лёлік Ушкін разважае пра ўзаемасувязь лёсаў Беларусі і эмігрантаў-лузераў. У тэксце “Беларускі фармат: запаведнік лузераў” Павал Свярдлоў сцвярджае, што “Беларусь – запаведнік махрыстай папсы, дзе кожны трактарыст з баянам у мазолістых руках – зорка эстрады”. У сваёй аўтарскай калонцы Андрэй Хадановіч распавядае пра беларускіх паэтаў як жывы прыклад “lucky loosers” – шчаслівых няўдачнікаў.

Скліская тэма і нямецкі pARTisan

У гэтым нумары “pARTisanа” няма сталай рубрыкі “круглы стол” – запіс размовы на тэму нумара:

“Збіраюцца группы інтэлектуалаў і дыскуютуюць на пэўную тэму. Так жа сама мы зрабілі ў гэтым нумары. Быў "круглы стол", але ён паспяхова праваліўся. Таму мы не далі гэты матэрыял у нумар. Папросту дыскусія правалілася. Я думаю, гэта сімптаматычна: тэма вельмі скліская”, - заўважае Артур Клінаў, i звяртае нашу ўвагу на новую рубрыку “Нямецкі партызан”:

“У кожным нумары на працягу пэўнага часу будзем друкаваць матэрыялы аб сучаснай нямецкай культуры – мастацтве, арце, кіно, літаратуры”.

З’яўленне рубрыкі “Нямецкі партызан” Артур Клінаў тлумачыць збегам абставін, а што тычыцца назвы:

“Тут дзіўная гульня словаў, бо “нямецкі партызан” гучыць трохі дзіўна, мякка кажучы. Але чаму нямецкая культура ? Таму што, па-першае, гэта важнейшая краіна Еўропы, не заўважаць яе немагчыма ў прынцыпе. А па-другое, у нас апошнім часам рэальна ўсталяваліся і ўсё больш развіваюцца кантакты з Нямеччынай”. Новай рубрыкай таксама можна лічыць публікацыю ўрыўка з раману Артура Клінава “Шалом”.