1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Нямецкая дыяспара на Беларусі

Ларыса Новікава

З 2 да 4 чэрвеня ў Гародні адбудзецца VI. Усебеларусі фестываль нацыянальных культураў. Сярод 20 нацыянальных падворкаў ёсць і нямецкі. Колькі немцаў сёння пражывае ў Беларусі і як ім тут жывецца?

https://p.dw.com/p/8Y2O

У ім возьмуць удзел 600 прадстаўнікоў 25 нацыянальнасцяў, якія пражываюць на беларускай зямлі. У Гародні прыедуць таксама два мастацкіх калектывы з Мінску і Бабруйску.

Згодна апошняга перапісу насельніцтва, які праводзіцца раз у 10 гадоў, у 1999 годзе этнічнымі немцамі назваліся 4806 чалавек – чатыры сотых адсотка ад амаль 10-мільённага насельніцтва краіны. Прычым, большасць немцаў прыехалі ў Беларусь ужо пасля Другой усясветнай вайны. Тыя, хто засталіся на акупаванай тэрыторыі, былі змушаныя ўцякаць разам з фашыстамі.

Вайна сталася сапраўднай трагедыяй для нямецкай дыяспары Савецкага Саюзу. У жніўні 41-га з’явіўся загад Сталіна, згодна з якім этнічныя немцы ў 24 гадзіны былі дэпартаваныя ў Сібір альбо Казахстан. Толькі пры канцы 70-х ім быў дадзены афіцыцыйны дазвол вяртацца на старыя месцы жыхарства. Гэты ўказ так і не быў апублікаваны, проста немцаў ужо больш не каралі за самавольны пераезд.

Пасля вайны многія з іх пад пагрозай рэпрэсіяў утойвалі сваю нацыянальнасць, змянялі імёны і прозвішчы. За прыналежнасць да нямецкай нацыі не бралі ў навучальныя ўстановы. У 90-ыя гады ў Беларусі на ўздыме нацыянальнай самасвядомасці адчыняліся грамадскія арганізацыі нямецкай культуры, якія звярталіся да вытокаў культуры і побыту свайго народу. Але тады ж пачаўся масавы ад’езд беларускіх немцаў у Нямеччыну. А таму за апошнія гады скончылі працу цэнтры нямецкай культуры ў Гародні, Лідзе і Віцебску. У Мінску на пачатку бягучага году было зачыненае адно са старэйшых таварыстваў нямецкай культуры “Адраджэнне”. Яго сымбалем была птушка Фенікс, якая адраджаецца з попелу.

З усіх арганізацыяў, якія аб’ядноўваюць беларускіх немцаў, прайшлі перарэгістрацыю ў Мінюсце толькі тры – у Гомелі, Бабруйску і Мінску, дзе працуе Нямецкі дом. Яго старшыня Андрэй Шлегель паведаміў, што сёння грамадскія арганізацыі нямецкай культуры не маюць магчымасці аплочваць высокую арэндную плату памяшканняў і нават арганізоўваць курсы нямецкай мовы. Новы закон аб грамадскіх арганізацыях не прадугледжвае для іх аніякіх ільготаў.

А старшыня Гомельскага гарадскога таварыства нямецкай культуры Рэйнгольд Кельборн лічыць, што Беларусь страціла велізарны пласт культурнага жыцця, бо немцы заўсёды адрозніваліся высокай культураю, вялікай працавітасцю і былі выдатнымі майстрамі.

Першыя паселішчы немцаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явіліся яшчэ ў часы Рэфармацыі. Іх нашчадкі і сёння пражываюць ў Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях. Яны цалкам асіміляваліся, лічаць сябе беларусамі, не ведаюць нямецкай мовы і не падтрымліваюць культурныя традыцыі. Але нямецкія карані засталіся ў прозвішчах ды назвах гарадоў. Напрыклад, нямецкае прозвішча Фойер пераўтварылася ў Фойераў. А назва гораду Вейна, што на Магілёўшчыне, паходзіць ад нямецкага “вайн” – віно. Тут здаўна былі нямецкія вінакурні. У гэтай мясцовасці захаваўся характэрны этнічны тып – людзі там вельмі высокія.

На Беларусі засталіся ўсяго 4 старажытныя будынкі лютэранскіх цэркваў. Але толькі ў Гародні ў 1995 годзе кірху аддалі вернікам. Дарэчы, тады пытаннямі культуры і рэлігіяў займаўся Аляксандр Мілінкевіч. Гарадзенскай кірхе больш за 200 гадоў. Яшчэ ў 1793 годзе польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі імянной граматай падараваў лютэранскай суполке будынак з зямлёю на Гарадніцы. У Гародні тады была нямецкая слабада – Занеманскі фарштадт, дзе месціліся дамы і майстэрні мясцовых немцаў.

У гады вайны кірха на дзіва ўцалела. А пасля вызвалення Гародні ў 44-ым у ёй быў размешчаны архіў. Нямецкія могілкі, якія былі побач, разбурылі, захаваліся толькі тры помнікі.

Жыхарка Гародні Маргарыта Раманаўна, народжаная Шэфлер, паведаміла, што перад вайной яе бацька Рэйнгольд працаваў ў кірхе званаром. Многія гарадзенскія дамы пабудаваныя з цэглы, зробленай на заводзе, які арэндаваў у Гародні яе дзед Герман Шэфлер. Пасля вайны Маргарыта Раманаўна была змушаная змяніць імя па бацьку і прозвішча. Яна адзіная з 20 сябраў Гарадзенскай лютэранскай суполкі. А вось на Фестываль нацыянальных культураў Маргарыту Раманаўну не запрашаюць, але яна магла б заспяваць песні на нямецкай мове.