1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Памёр апошні літаратурны рамантык Беларусі ХХ стагоддзя

20 ноября 2008 г.

У Слоніме пасля цяжкой хваробы пайшоў з жыцця слынны беларускі паэт, эсэіст, перакладчык і выхавацель некалькіх пакаленняў беларускіх літаратараў прафесар Алег Лойка.

https://p.dw.com/p/Fyua

Алег Лойка выдаў роўна сто кніг, пераклаў на беларускую мову творы 180 польскіх літаратараў. Колькі словаў пра свайго былога настаўніка DW-RADIO сказаў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч: “Алег Антонавіч Лойка бачыцца мне працаўніком – доктарам беларушчыны. Я меў гонар яшчэ на першым курсе слухаць ягоныя лекцыі і лекцыі папярэдняга дэкана. Папярэдні дэкан пачынаў сваю першую лекцыю на філфаку з прызнання, што прачытаў поўны збор твораў Леніна. А першая лекцыя дэкана Лойкі пачыналася з прызнання: я прачытаў збор беларускіх летапісаў.

Алесь Пашкевіч нагадаў, што лёс Алега Лойкі быў цяжкім: "Таленавітага юнака не прынялі на пачатку на філфак, а толькі кандыдатам у студэнты, бо ён меў сувязі з Саюзам беларускай моладзі. Аднак затым былі і кандыдацкая дысертацыя, і доктарская, ён стаў член-карэспандэнтам Акадэміі навук і ўсёй сваёй дзейнасцю сведчыў ганаровае званне доктара беларускасці, а не толькі літаратуразнаўства. Застаюцца жыць дзесяткі зборнікаў паэзіі Лойкі, два раманы-эсэ - пра Янку Купалу і Францішка Скарыну ды літаратуразнаўчы эсэістычны летапіс гісторыі беларускай літаратуры ад старажытнасці і да сучасных дзён".

Паводле Пашкевіча, з адыходам Алега Антонавіча Лойкі беларуская літаратура страціла апошняга літаратурнага рамантыка ХХ стагоддзя: "Нават у складаныя часы сваёй нямоглай хваробы Алег Антонавіч заставаўся сонечным, усмешлівым і рамантычным чалавекам, і па такой сіле рамантычнае напоўненасці, рамантычнага сузірання жыцця ён быў адзіны ў беларускай нацыянальнай культуры”.

Алег Лойка будзе пахаваны ў пятніцу ў ягоным родным Слоніме. (гк)