1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Пачалася інтэрнэт-кампанія “Музыкі – за Свабоду”

Генадзь Канстанцінаў

Мэта доўгатэрміновае акцыі – падтрымка адзінага кандыдата на прэзідэнта Беларусі ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў i стварэнне альтэрнатывы афіцыйным канцэртам “За Беларусь”

https://p.dw.com/p/85Xf
Фото: nrm.by.com

Падтрымаць акцыю пагадзіліся многія музыкі, асабліва тыя, хто па волі беларускіх уладаў не мае магчымасці ладзіць канцэрты, выступаць на дзяржаўным радыё і тэлевізіі.

Арганізатары акцыі, а гэта тая ж каманда, якая працуе над сайтам кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча, заяўляюць, што кампанія “Музыкі за Свабоду” зробіцца своеасаблівым працягам “Рок-каранацыі – 2005”, у часе якой прэтэндэнт на найвышэйшую дзяржаўную пасаду заявіў пра сваё стаўленне да беларускай рок-музыкі. Як вядома, “адзіны кандыдат” добра ведае альтэрнатыўных выканаўцаў, іх рэпертуар, а канцэрты беларускіх рокераў па магчымасці наведвае ўжо шмат гадоў, таму з’яўленне Мілінкевіча 28 лютага ў канцэртовай залі “Мінск” на ўручэнні “Рок-каронаў” нельга назваць проста піяр-акцыяй напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Ініцыятары акцыі прапанавалі музыкам падтрымаць Аляксандра Мілінкевіча і ўзяць удзел у названай кампаніі. Арганізатары заклікаюць музыкаў, кампазітараў і спевакоў дасылаць на інтэрнэт-сайт Аляксандра Мілінкевіча milinkevich.org паведамленні пра сябе, а таксама музычную кампазіцыю альбо песню для наступнага “сцягвання” карыстальнікамі. Як сказаў карэспандэнту “Нямецкай хвалі” адзін з ініцыятараў Францішак Вячорка, у першы ж дзень абвешчання акцыі “Музыкі – за Свабоду!” за ўдзел у кампаніі выказаліся шэраг вядомых беларускіх рок-гуртоў і выканаўцаў – перад усім забароненых уладамі пасля іх удзелу летам 2004 году ў акцыі, прымеркаванай да 10-х угодкаў знаходжання Аляксандра Лукашэнкі пра ўладзе. Як адзначыў Франак Вячорка, ініцыятары ставяць за мэту не толькі падтрымку “Адзінага” з боку рок-выканаўцаў, але і папулярызацыю беларускай альтэрнатыўнай музыкі. Таму, падрэсліў Вячорка, да акцыі далучаюцца маладыя каманды,такія як “Князь Мышкін”, “Чырвоным па беламу”, “Ультравожык”, “Парасон”, “Гарадскія” ды іншыя. Усяго ж, паводле арганізатараў, чакаецца ўдзел у праекце не менш трыццаці гуртоў. А напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў арганізатары плануюць правесці рэальны канцэрт у адным з раёнаў беларускае сталіцы.