1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Польскі рэжысёр: „Важна паказаць Еўропе, што маладыя людзі сумуюць па ёй”

Вольга Класкоўская

Мірэк Дэмбіньскі, які зняў фільм “Урок беларускае мовы”, не па чутках ведае, што такое інфармацыйная ізаляцыя, адсутнасць свабоды слова і рэпрэсіі.

https://p.dw.com/p/9ISo

Пазнаёміцца з гэтымі перажыткамі савецкай сістэмы Мірэк Дэмбіньскі меў магчымасць падчас ваеннага становічша ў Польшчы. Камуністычнаму рэжыму вельмі не падабалася дзейнасць дакументаліста. Рэжысёра пераследвалі, а пасля арыштавалі. Таму, гаворыць Мірэк Дэмбіньскі, я вельмі спачуваю беларусам і разумею іх праблемы – вельмі спадзяюся, што новы фільм станецца маленькай кропляй, што дзяўбе камень зла.

«Цікавасць да Беларусі ўзнікла пасля знаёмства з ліцэістамі з Беларускага гуманітарнага ліцэю. Калі моладзь была ў Варшаве, я вучыў іх мастацтву дакументальнага кіно. І паступова такім чынам усё болей даведваўся пра беларускую праблематыку”.

Паводле рэжысёра, ён настолькі ўцягнуўся ў беларускія падзеі, што папросту не мог не зняць гэтую стужку. Пра што новы фільм польскага рэжысёра? І якая яна, беларуская рэчаіснасць вачыма паляка?

«Гэта фільм пра драматычныя падзеі, што адбыліся ў Беларусі сёлета ў сакавіку падчас прэзідэнцкіх выбараў. І фільм паказвае тыя падзеі з пункту гледжання моладзі. І гэта вельмі важны пункт гледжання, бо, як я заўважыў, у Беларусі ёсць заўжваны падзел: моладзь прагне пераменаў, а старэйшае пакаленне баіцца гэтых пераменаў. І меркаванне маладых людзей вельмі цікавае і істотнае, бо, у рэшце рэшт, ад іх залежыць будучыня Беларусі”.

На пытанне, чаго вы чакаеце ад новага фільму, рэжысёр заўважае:

“У першую чаргу я хацеў паказаць праўду. Пра тое, як насамрэч выглядае сітуацыя ў Беларусі. Паколькі, на мой погляд, адной з галоўных праблемаў у Беларусі з’яўляецца інфармацыйная ізаляцыя, існуе дзяржаўная манаполія на інфармацыю, вельмі важна прадстаўляць беларусам праўдзівы, незалежны ад уладаў, пункт гледжання”.

Разам з тым, Мірэк Дэмбіньскі падкрэслівае, што фільм – універсальны. Іншымі словамі, прызначаны як для беларускай, так і для замежнай аудыторыі. “У фільме распавядаецца пра прагу да свабоды, праўды, пра барацьбу з несправядлівасцю і ціскам. І гэтыя праблемы так ці інакш хвалююць усіх людзей”, -- адзначае суразмоўца.

“Героі майго фільма, моладзь, выразна дэкларуюць свае еўрапейскія каштоўнасці. Гавораць пра тое, што бачаць сябе і сваю краіну ў Еўропе. І важна таксама паказаць Еўропе, што маладыя людзі сумуюць па ёй”.

Дарэчы, здымкі фільма “Урок беларускае мовы” адбываліся ў даволі эктрэмальных умовах. Падчас прэзідэнцкіх выбараў Міраслава не ўпусцілі ў Беларусь, а ў удзельнікаў здымачнай групы канфіскавалі апаратуру. Адзін з памочнікаў рэжысёра быў арыштаваны і адвезены ў мінскі спецпрымальнік-размеркавальнік на 15 сутак. Тым не менш, стужка на экраны ўсё ж выйшла – дзякуючы дапамозе польскіх і расійскіх тэлежурналістаў, а таксама ліцэістаў, якія знялі сакавіцкія падзеі на стужку з дапамогай аматарскіх відэакамераў.

Мірэк Дэмбіньскі сцвярджае адназначна: жаданне працаваць у беларускім кірунку ў яго не знікла. І ў пацверджанне гэтых словаў заяўляе пра падрыхтоўку новай кінастужкі:

“Планую ўжо канкрэтны праект – музычны. Пад назвай “Музычная партызанка”, які будзе распавядаць пра Беларусь з пункту гледжання незалежнай беларускай музыкі”.

Сваёй жа беларускай аудыторыі рэжысёр, акрамя іншага, зычыць не губляць аптымізму:

«У часы ваеннага становішча ў Польшчы я таксама сядзеў у турме і не думаў, што Польшча калі-небудзь будзе вольнай і не будзе адчуваць на сабе ўплыву Савецкага Саюзу. Думаў, што ў лепшым выпадку мае ўнукі дажывуць да лепшых часоў, аднак і сам іх дачакаўся. Таму і ў Беларусі, магчыма, усё зменіцца нашмат хутчэй, чым гэта падаецца зараз”.