1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Польшча робіць больш жорсткай палітыку дачынна Беларусі

Вольга Класкоўская

Дарадца мэра Варшавы па пытаннях Беларусі Марэк Буцька перакананы, што палітыка новых польскіх уладаў у дачыненні да афіцыйнага Мінску будзе прынцыпова адрознівацца ад палітыкі папярэдняга кіраўніцтва.

https://p.dw.com/p/7kQf

Дарадца мэра Варшавы па пытаннях Беларусі Марэк Буцька перакананы, што палітыка новых польскіх уладаў у дачыненні да афіцыйнага Мінску будзе прынцыпова адрознівацца ад палітыкі папярэдняга кіраўніцтва. І, мяркуючы па ўсім, будзе больш жорсткай і катэгарычнай. Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю нашаму карэспандэнту ў Варшаве Вользе Класкоўскай.

(Буцька:)
У новых польскіх уладаў няма ніякіх ілюзіяў датычна падтрымкі рэжыму Лукашэнкі .

-- адзначае суразмоўца.

Дарадца мэра Варшавы па пытаннях Беларус Марэк Буцька ўпэўнены, што дэмакратычны выбар беларусаў залежыць у першую чаргу ад саміх беларусаў. Але, разам з тым, краіны Еўропы не мусяць забываць пра свой удзел у дэмакратычным жыцці Беларусі. Як лічыць Буцька, адным з галоўных кірункаў у гэтым сэнсе, у прыватнасці, для Польшчы павінна стацца інфармацыйная падтрымка. Яна можа палягаць у стварэнні незалежнага радыёвяшчання на Беларусь, адмысловых праграмах для грамадзянскай супольнасці, інфармацыйнай кампаніі польскіх мас-медыя.

(Буцька:)
Я мяркую, што рана ці позна не толькі Польшча, але ўвесь Еўрапейскі Звяз прыйдуць да ўсведамлення таго, што ёсць толькі адзіны рэальны інструмент уціску на беларускі рэжым - эканамічныя санкцыі, эмбарга на ўвоз беларускіх тавараў у ЕЗ. І калі Еўрапейскі Звяз і Польшча не адчуюць ніякіх стратаў у сувязі з гэтым, то эканоміка Беларусі без гандлю з Еўропай і асабліва Польшчай існаваць не зможа - на працягу 3-4 месяцаў яе напаткае поўны крызіс.

А гэта, падкрэсліў дарадца мэрыі, карэнным чынам магло б адбіцца на палітычнай сітуацыі ў Беларусі.


Адным з галоўных складальнікаў дапамогі грамадзянскай супольнасці Беларусі Марэк Буцька назваў таксама ўвядзенне бясплатных візаў для грамадзянаў Беларусі. Акрамя іншага, гэткі крок, паводле словаў Буцькі, дапамог бы зламаць стэрэатып, што насаджаецца афіцыйнай беларускай прапагандай аб тым, што Польша дачыненна Беларусі, маўляў, ажыццяўляе палітыку непрыязні .


Што датычыць будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, то суразмоўца заўважае: вельмі важна, каб у іх узялі ўдзел як мага больш незалежных назіральнікаў. Польшча будзе рабіць для гэтага ўсё магчымае.

(Буцька:)
Я спадзяюся, што МЗС Польшчы прыкладзе максімум высілкаў для таго, каб на прэзідэнцкія выбары ў Беларусь 19 сакавіка прыехала максімальная колькасць незалежных назіральнікаў . Досвед падобных кампаніяў сведчыць, што чым больш незалежных назіральнікаў - тым менш магчымасцяў для фальсіфікацыяў,--
адзначыў Марэк Буцька.