1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека у Беларусі: агляд падзеяў тыдня

16 апреля 2010 г.

Магілёўскіх апазіцыянераў пазбавілі офіса, чарговаму незалежнаму выданню адмоўлена ў рэгістрацыі, беларус зноў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека.

https://p.dw.com/p/MyFJ
Фото: picture-alliance/ dpa

Абласную арганізацыю ГА "БНФ "Адраджэнне" Магілёўскае вобласці ў прымусовым парадку выселілі з займаемага офісу, Міністэрства інфармацыі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі чарговаму незалежнаму выданню, старшыня праваабарончага цэнтру "Вясна" зноў абраны на пасаду віцэ-прэзідэнта Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (МФПЧ).

Апазіцыянеры засталіся без сядзібы

Па патрабаванню жыллёва-камунальнага ўпраўлення Ленінскага раёну Магілёву праз рашэнне гаспадарчага суду з арэндаванага офісу 15 красавіка выселена абласная арганізацыя Грамадскага аб’яднання (ГА) "БНФ "Адраджэнне". Пра тое, што ўлады маюць намер пазбавіць мясцовы БНФ сядзібы, кіраўнік арганізацыі Зміцер Салаўёў даведаўся толькі 7 красавіка, ён збіраўся абскардзіць рашэнне мясцовага гаспадарчага суду ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.

Демонстранты с флагами
Абласную арганізацыю ГА "БНФ "Адраджэнне" Магілёўскае вобласці выселілі з офісуФото: RIA Novosti

Па словах Салаўёва, ён не разлічваў, што высяленне будзе адбывацца менавіта ў гэты дзень з парушэннем тэрмінаў, бо, як сказаў палітык, арганізацыя мела яшчэ месяц для абскарджвання папярэдняга судовага рашэння.

Судовыя выканаўцы цягам гадзіны апісвалі маёмасць Магілёўскай абласной арганізацыі ГА "БНФ "Адраджэнне", свае дзеянні яны каментаваць адмовіліся. Варта адзначыць, што гэты офіс абласная арганізацыя БНФ мае з 2003 году, а праблемы з сядзібай пачаліся яшчэ перад выбарамі прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе. Такія дзеянні ўладаў могуць прывесці да таго, што ў Магілёўскай вобласці спыняць выбарчую кампанію сем кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў ад БНФ. Тым часам, кіраўніцтва абласной арганізацыі ГА "БНФ "Адраджэнне" заяўляе, што будзе адстойваць правы на свой офіс у судовым парадку.

Мінінформ адмовіўся рэгістраваць газету

Міністэрства інфармацыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі незалежнай газеты "Сильные новости Гомеля". Адпаведны загад падпісаў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, які абгрунтаваў адмову тым, што "указаныя ў заяве аб рэгістрацыі звесткі пра стаж галоўнага рэдактара будучага выдання несапраўдныя, і што яго кваліфікацыя не адпавядае патрабаванням даведніка "Пасады служачых работнікаў перыядычнага друку".

Несколько белорусских газет
Міністэрства інфармацыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі газеты "Сильные новости Гомеля"Фото: Bymedia

У якасці будучага галоўнага рэдактара газеты ў дакументах фігуравала сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Таццяна Бублікава, паведамляе прэс-служба БАЖ. Дырэктар Унітарнага прадпрыемства "Друкаванае слова" Пётр Кузняцоў адзначае, што адмова ў рэгістрацыі выдання з’яўляецца забаронай на прафесію журналіста. "Чалавек не можа набыць рэдактарскі стаж пяць гадоў, калі яму не даюць узначаліць газету", - лічыць Кузняцоў.

Прэс-служба БАЖ нагадвае, што з восені 2009 году грамадска-палітычныя выданні пачалі сутыкацца з цяжкасцямі пры рэгістрацыі. У кастрычніку Міністэрства інфармацыі змяніла сваю ж пастанову аб рэгістрацыі, увёўшы некалькі дадатковых пунктаў, напрыклад, пра вышэйшую адукацыю і кіраўнічы стаж галоўнага рэдактара і некаторыя іншыя.

Такім чынам, адмовы ў рэгістрацыі альбо вяртанне дакументаў на рэгістрацыю на сённяшні дзень маюць як мінімум восем выданняў: "Наш дом" (Віцебск), "Магілёўскі час" (Магілёў), "Солигорск плюс"(Салігорск, Мінская вобл.), "Новая газета Бобруйска" (Бабруйск, Магілёўская вобласць), "Мар’інагорская" (Мар’іна Горка, Мінская вобл.), "Прэфект плюс" (Глыбокае, Віцебская вобласць), "Химик. Два города" (Наваполацк) і яшчэ одно выданне, заснавальнікі якога не пажадалі пакуль быць згаданымі ў СМІ.

Беларусзноў віцэ-прэзідэнт МФПЧ

Старшыня Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі зноў абраны віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека пад час 37-га кангрэсу Міжнароднага форуму па прачах чалавека FIDH (The International Federation for Human Rights), які прайшоў у Ерэване.

Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч
Алесь Бяляцкі і Валянцін СтэфановічФото: Bymedia

Для ўдзелу ў форуме ў Арменію прыбылі 300 дэлегатаў з розных краінаў свету, у ліку якіх былі і беларускія праваабаронцы Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Алесь Бяляцкі выказаў меркаванне, што гэтая пасада для яго ганаровая і можа мець толькі станоўчы ўплыў на далейшую дзейнасць.

Як лічыць Бяляцкі, яго новае абранне падкрэслівае павагу сусветнай праваабарончай супольнасці да ахвярнай працы беларускіх праваабаронцаў у неспрыяльных умовах, а таксама высокі давер. "Дзякуючы федэрацыі, дзейнасць праваабаронцаў у рэгіёне былых постсавецкіх краінаў у апошнія гады актывізавалася, і мы надалей будзем развіваць у сваіх краінах і каардынаваць гэтую дзейнасць паміж сабой, выкарыстоўваючы лепшы вопыт, які ў нас ёсць", - падкрэсліў кіраўнік "Вясны".

Паводле яго словаў, гэтае абранне дапаможа развіццю праваабарончага руху ў Беларусі і выступае пэўным гарантам у дзейнасці праваабаронцаў у сённяшніх складаных умовах, калі яны не маюць рэгістрацыі. "Свае паўнамоцтвы я буду максімальна выкарыстоўваць на прасоўванне дэмакратыі, правоў чалавека ў Беларусі, а таксама дапамагаць тымі магчымасцямі, якімі валодае федэрацыя, праваабарончым арганізацыям у іншых постсавецкіх краінах", - падкрэсліў Алесь Бяляцкі.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще