1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

13 августа 2010 г.

Мінскія ўлады забаранілі акцыю "Патрабуем міжнароднага расследавання!", у Магілёве камунальнікі высяляюць праваабарончы цэнтр, моладзевага актывіста пакаралі штрафам за спробу перадаць петыцыю чыноўнікам Мінадукацыі.

https://p.dw.com/p/Omx3
молоток на столе у судьи
Фото: picture-alliance/ dpa

Мінскі гарвыканкам не дазволіў апазіцыі правесці шэсце і мітынг з патрабаваннем міжнароднага расследавання справаў зніклых палітыкаў і журналіста, магілёўскія камунальныя службы высяляюць з займанага будынку праваабаронцаў, актывіста моладзевага дэмакратычнага руху пакаралі буйным штрафам за перадачу ў Міністэрства адукацыі петыцыі супраць чыноўніцкага бюракратызму.

Забарона на акцыю

Мінскі гарвыканкам не дазволіў дэмакратычным сілам правесці 16 жніўня шэсце і мітынг пад назовам "Патрабуем міжнароднага расследавання!", звязаныя з паказанымі па расійскім тэлеканале НТВ фільмамі "Хросны бацька" і "Хросны бацька-2".

участникиакции оппозиции держат в руках фотографии изчезнувших политиков и журналиста
16 жнівня, ў Дзень салідарнасці, апазіцыя нагадвае аб зніклыхФото: AP

Мэтаю акцыі было прыцягненне ўвагі беларускай і міжнароднай грамадскасці да знікнення экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі генерала Юрыя Захаранкі, віцэ-спікера Вярхоўнага Савету 13-га склікання Віктара Ганчара, бізнэсоўца і грамадскага дзеяча Анатоля Красоўскага і аператара расійскага тэлеканалу ОРТ Змітра Завадскага.

11 жніўня адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч наведаў сталічны выканкам, дзе яму паведамілі, што адказ на заяўку высланы па пошце, але сэнс адказу раскрыць адмовіліся. На наступны дзень з пісьмовага адказу стала вядома, што акцыя ў заяўленым фармаце забаронена на падставе памылкі ў афармленні заяўкі. Якая гэта была памылка, у дакуменце не паведамляецца.

Прадказальнае рашэнне

Па словах Віктара Івашкевіча, такое рашэнне чыноўнікаў было цалкам прадказальнае, бо ўлады фактычна хаваюцца ад прыняцця рашэння. "Яны парушылі заканадаўства, таму што, паводле закона, калі заяўленае месца не адпавядае прадпісанням, улады павінны прапанаваць іншае месца, калі фармат і маршрут шэсця супярэчаць вызначэнням", - канстатуе Віктар Івашкевіч.

Лідэр грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў звярнуў увагу на тое, што такое рашэнне Мінскага гарвыканкаму ёсць не на карысць самой уладзе. Па словах апазіцыянера, гэта ёсць адказ на тыя факты і абвінавачанні, якія прагучалі па расійскім тэлебачанні і якія ўсе ў Беларусі ведаюць.

"Улада ўскосна, а, можа, нават і не ўскосна прызнала, што ёсць справа зніклых і забітых палітыкаў і грамадскіх дзеячоў, і тое, што ўлада ўдзельнічала ў гэтым", - адзначыў Андрэй Саннікаў.

Апеляванне да Еўропы

Андрей Санников
Андрэй Саннікаў: Адмова ў правядзенні акцыі - не на карысць самой уладзеФото: Bymedia

Тым не менш, беларуская апазіцыя розным чынам працягвае працу па прыцягненні ўвагі да праблемы зніклых, прычым не толькі на нацыянальным узроўні. Як паведаміў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Анатоль Лябедзька, зараз дэмакратычныя сілы рыхтуюць адпаведны зварот у Еўрапейскі парламент. Пад дакументам ужо паставілі свае подпісы 32 вядомыя ў Беларусі асобы.

Паводле Анатоля Лябедзькі, палітычныя і грамадскія дзеячы звяртаюцца з прапановай арганізаваць парламенцкія слуханні, прысвечаныя тэме скрадання і забойства ў Беларусі. "Гэты зварот будзе накіраваны старшыні Еўрапарламента Ежы Бузэку, лідэрам усіх фракцыяў, а таксама спадарам Вігеніну і Пратасевічу, якія ўзначальваюць структуры, што кропкава займаюцца справамі па Беларусі", - паведаміў лідэр АГП.

Нягледзячы на забарону шэсця і мітынгу, апазіцыйныя палітыкі заклікалі людзей сабрацца а 18-й гадзіне 16 жніўня ля будынка прэзідыюма Нацыянальнай акадэміі навук і моўчкі стаць з партрэтамі зніклых. Па словах Анатоля Лябедзькі, такая акцыя не патрабуе дазволу ўладаў, бо, згодна рашэння Вярхоўнага Суда Беларусі, ўдзел у "ланцугу неабыякавых людзей" не падпадае пад паняцці мітынгу ці пікетавання.

Праваабаронцаў высяляюць

Магілёўскі праваабарончы цэнтр будзе вымушаны пакінуць займанае ім памяшканне. Справа ў тым, што, згодна рашэння Магілёўскага абласнога гаспадарчага суда, праваабаронцы мусяць сплаціць камунальнаму ўпраўленню Ленінскага раёна абласнога цэнтра больш за 13,5 мільёнаў рублёў (больш за 3,5 тысячы еўра ў пераліку) запазычанасці за арэнду сядзібы, а такіх грошай у цэнтра няма.

Анатолий Лебедько
Анатоль Лябедзька спадзяецца на дапамогу ЕўрапарламентаФото: Gennadii Konstantinov

Недаплату камунальнікі адлічвалі з 24 красавіка 2008 году, калі праваабарончы цэнтр быў пазбаўлены ільготнага каэфіцыенту аплаты арэнды, аднак сама грамадская арганізацыя пра гэта нічога не ведала. Два гады цэнтр плаціў арэнду па раней вызначаных тарыфах.

Праваабарончы цэнтр не з’яўляецца камерцыйнай арганізацыяй, таму неаднаразова звяртаўся да чыноўнікаў, каб тыя пакінулі гэтай структуры палёгку ў аплаце арэнды, аднак безвынікова. Цяпер праваабаронцы будуць вымушаны адмовіцца ад займанай сядзібы.

Штраф за петыцыю

Суд Маскоўскага раёна Мінска прыгаварыў моладзевага актывіста Міхаіла Пашкевіча да штрафу ў 1 мільён 400 тысяч беларускіх рублёў (больш за 360 еўра ў эквіваленце) за быццам бы арганізацыю несанкцыянаванай акцыі да Міжнароднага дня моладзі, які адзначаўся 12 жніўня. У гэты дзень група актывістаў спрабавала перадаць у Міністэрства адукацыі Беларусі петыцыю супраць бюракратызму чыноўнікаў у працы з моладдзю.

Петыцыю перадаць атрымалася, але пасля гэтага супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі Міхаіла Пашкевіча. Працэс над моладзевым актывістам доўжыўся амаль да дзевятай гадзіны вечара, хоць суды звычайна працуюць да 18.00.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў