1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Расійскіх алігархаў не чакаюць у Беларусі

Ціхан Клішэвіч

Перад самым Новым годам прэзідэнт расійскай нафтагазавай кампаніі “Ітэра” Ігар Макараў стаў ганаровым консулам Беларусі ў Маскве.

https://p.dw.com/p/7kfO
Фото: dw-tv

Гэтае званне – відавочна, зусім не тое, на што разлічваў расійскі алігарх за сваю шматгадовую гісторыю супрацы з цяперашнімі беларускімі ўладамі. З тузіна праектаў, задуманых “Ітэрай” у Беларусі, не рэалізаваны ніводзін. Таксама на паперы засталіся і ўсе праекты, якія пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў планавалі іншыя расійскія кампаніі.

Вялікім сябрам расійскага буйнога бізнэсу прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка стаўся летам 2001 году. Тагачасная прэзідэнцкая кампанія запатрабавала істотнай фінансавай падтрымкі. За гэтую падтрымку Лукашэнка абяцаў удзел у прыватызацыі найлепшых прадпрыемстваў краіны. Расійскія алігархі сталі ў чаргу за беларускімі актывамі. Вагіт Алякпераў, Уладзімір Багданаў, Міхаіл Гуцарыеў, Ігар Макараў, Тэймураз Балоеў – гэта далёка не поўны пералік самых багатых людзей Расіі, якія паверылі прэзідэнту Лукашэнку і ўскосна паспрыялі яго “элегантнай” перамозе на выбарах.

Галава самай буйной расійскай нафтавай кампаніі “Лукойл” Вагіт Алякпераў за некалькі дзён да галасавання не толькі сам прыехаў у Мінск з абяцаннямі інвестыцыяў на суму ў 1 мільярд даляраў, але і прывез з канцэртам дачку свайго намесніка – папулярную спявачку Алсу. Якое ж было расчараванне расійскага буйнога бізнэса, калі Аляксандр Лукашэнка, які зноўку апынуўся ў прэзідэнцкай фатэлі, забыўся на ўсе свае абяцанні. Так, прэзідэнт абвесціў пра прыватызацыю прадпрыемстваў нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі, прызначыў нават тэрміны правядзення інвестыцыйных конкурсаў, але пры гэтым выставіў загадзя непрымальныя для бізнэсменаў умовы. Галоўным з іх было тое, што Лукашэнка катэгарычна адмовіўся аддаваць кантрольныя пакеты акцыяў прадпрыемстваў. Бальшыня расійскіх алігархаў моўчкі праглынула пілюлю. Далей за ўсіх лабіраваў свае інтарэсы ў Беларусі галава групы кампаніяў “Ітэра” Ігар Макараў. Ён прапаноўваў перадаць яму то экспарт калійных угнаенняў, то прадаць нацыянальную авіякампанію “Белавія”. У рэшце рэшт і яму давялося абмежавацца пасадаю ганаровага консула.

У звязку з гэтым назіральнікі выказваюць сумневы, што расійскі буйны бізнэс на новых выбарах як і пяць гадоў таму дапаможа прэзідэнту Лукашэнку. Хаця, падаецца, беларускі лідэр і не мае патрэбы ў гэткай дапамозе, паколькі знайшоў яе для сябе ў іншым месцы. За пяць апошніх гадоў многае змянілася ў самой Расіі. Адміністрацыі прэзідэнта Пуціна атрымалася ўсталяваць кантроль над буйнейшымі кампаніямі краіны, у тым ліку і над “Газпрамам”. Сёння гэтаму газаваму манапалісту на тэрыторыі Беларусі належыць газаправод “Ямал - Еўропа”. Ён таксама фактычна з’яўляецца суўладальнікам Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Апрача таго, цяпер вядуцца перамовы пра набыццё “Газпрамам” часткі акцыяў “Белтрансгазу”, якому належыць газатранспартная сістэма краіны. Гледзячы па ўсім, зараз для Лукашэнкі стаўленне “Газпраму” падаецца куды больш надзейным, чым дапамога некалі пакрыўджаных ім алігархаў.