1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Рыгор Барадулін - лаўрэат Нобелеўскай прэміі

Генадзь Канстанцінаў

У сакавіку з кнігай паэта “Ксты”, за якую паэт вылучаны як прэтэндэнт на нобелеўскага лаўрэата, змогуць азнаёміцца кіраўнікі ўсіх дыпламатычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі

https://p.dw.com/p/80zJ

Аргкамітэт па вылучэнні Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры атрымалі пасведчанне пра рэгістрацыю Барадуліна ў якасці прэтэндэнта на, бадай, самую прэстыжную ў свеце ўзнагароду. Ініцыятыўная група плануе арганізоўваць выступы паэта па ўсёй Беларусі, а таксама за межамі краіны. У сакавіку з кнігай Рыгора Барадуліна “Ксты”, менавіта за яе ён вылучаны як прэтэндэнт на нобелеўскага лаўрэата, змогуць азнаёміцца кіраўнікі ўсіх дыпламатычных місіяў, акрэдытаваных у Беларусі, для якіх будзе зладжаная адмысловая прэзентацыя выдання.

Кніга “Ксты” – гэта зборнік лепшых твораў Барадуліна на духоўную і патрыятычную тэматыку. Як паведаміла сёння на сустрэчы з журналістамі ў мінскім Касцёле Святых Сымона і Алены рэдактар зборніка, дацэнт лінгвістычнага ўніверсітэта Ала Сакалоўская, у часе ўкладання “Кстоў” была праблема, як з тысячаў твораў паэта выбраць лепшае. Кожны твор класіка беларускай паэзіі, ці то проста вершы, санеты, балады, - гэта сапраўдныя творы мастацтва. У беларускі пяцісотстаронкавы варыянт зборніку ўвайшлі як ранейшыя працы майстра, гэтак і творы апошніх гадоў. Загадчык катэдры беларускае мовы лінгвістычнага ўніверсітэту Пятро Васючэнка адзначыў, што творы Барадуліна настолькі глыбокія і багатыя ў плане вобразаў і мовы, што іх часта можна зразумець толькі сэрцам. Варта адзначыць, што зборнік “Ксты” ужо выдадзены на дзвюх мовах – сёння журналісты змаглі патрымаць у руках кнігу, надрукаваную ў “паралельным” выкладанні на беларускай і ангельскай.

Дацэнт лінгвістычнага ўніверсітэту Юры Стулаў, адзін з перакладчыкаў зборніку на ангельскую мову, адзначыў, што сам працэс перакладу быў даволі складаным, менавіта з прычыны багацця і вобразнасці мовы Барадуліна, што перадаць на іншую мову часта вельмі няпроста. Над перакладам “Кстоў” працавалі і ангельскія адмыслоўцы, у ліку якіх і брытанскі лінгвіст Артур Рэкс-Сцюард. Ён адзначыў высокую кваліфікацыю беларускіх перакладчыкаў і заявіў, што для яго было за вялікі гонар працаваць над зборнікам.

Адным з натхняльнікаў выдання зборніку і вылучэння Барадуліна на Нобелеўскую прэмію ёсць кзёндз-магістр касцёлу Святых Сымона і Алены, альбо як яшчэ яго называюць – Чырвонага касьцёлу Уладзіслаў Завальнюк. Паводле яго словаў, цяпер галоўнае – давесці інфармацыю пра зборнік ды пра ініцыятыву вылучэння Рыгора Барадуліна на Нобелеўскую прэмію як да беларусаў, гэтак і да міжнароднай грамадскасці. Ідэю вылучэння падтрымалі як Саюз беларускіх пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-Цэнтр, гэтак і ПЭН-Цэнтр Расіі, а таксама творчыя арганізацыі Украіны. Паводле Завальнюка, аргкамітэт цяпер працуе над арганізацыяй прэзентацыі “Кстоў” у Стакгольме, дзе ў какстрычніку будзе прымацца рашэнне аб лаурэатах Нобелеўскіх прэміяў.