1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Святлана Алексіевіч і хроніка будучых страхаў

Юнэля Крупенька

Беларуская пісьменніца стала фіналісткай прэміі Амерыканскага нацыянальнага супольніцтва кніжных крытыкаў са сваёй кнігай “Чарнобыльская малітва”, якая ў прошлым годзе была выдана на англійская мове

https://p.dw.com/p/7vBO
Фото: bymedia.net

Тэрмін «нон-фікшн» выкарыстоўваецца для літаратуры, якая выключае аўтарскую выдумку. Сюды ўваходяць такія жанры немастацкай літаратуры, як мемуары, літаратурная крытыка, эсэ, нарысы, рэпартажы. Святлану Алексіевіч называюць адным з галоўных постсавецкіх аўтараў сацыяльнага нон-фікшна. За яе плячыма – 20-гадовы стаж працы з дакументальным матэрыялам і пяць кніг, кожная з якіх мела шырокі грамадскі рэзананс.

Алексіевіч пачынала як журналістка і з часам адкрыла свой спецыфічны жанр – паліфанічны раман-споведзь, калаж з дакументальных сведчанняў. Па словах самой пісьменніцы, яна доўга шукала жанр, які б адпавядаў ейнаму бачанню свету, і выбрала «жанр чалавечых галасоў». Вырашальны ўплыў на выбар зрабіў вядомы беларускі пісьменнік Алесь Адамовіч і яго раманы, у якіх народ сам пра сябе распавядае. У кнігах Алексіевіч таксама рэальныя людзі распавядаюць пра галоўныя падзеі свайго часу.

На кожную кнігу ў Алексіевіч зыходзіць тры-чатыры гады працы, пры гэтым запісваюцца аповеды 500-700 чалавек. «Чарнобыльская малітва» з’явілася ў выніку паездак у забруджаную зону, пасля якіх пісьменніца доўна хварэла. Дарэчы, шчыры прафесіяналізм Алексіевіч, па яе ўласным выразе, завёў аўтара і на вайну ў Афганістан, дзе яна збірала матэрыял для іншай сваёй не менш знакамітай кнігі «Цынкавыя хлопчыкі».

«Чарнобыльская малітва» – гэта кніга пра беларусаў, якія жывуць на мёртвай зямлі, дзе на дзясяткі тысячаў гадоў раскідана 350 умоўных бомб Хірасімы. Гэта кніга не пра Чарнобыль, як піша аўтар, а пра свет пасля Чарнобыля. Людзі, якія перажылі Чарнобыль, здабываюць новыя веды для ўсяго чалавецтва. Не выпадковы ў гэтым сэнсе падзагалавак кнігі – Хроніка будучага. Як тлумачыць сама аўтар, гэта хроніка будучых страхаў.

Інтарэс на Захадзе да «Чарнобыльскай малітвы» вельмі значны. Многія ў свеце ўспрымаюць Чарнобыль найперш праз твор Алексіевіч. Ніводная іншая кніга пра аварыю не мае такіх накладаў, такой колькасці перакладаў на замежныя мовы, такога рэзанансу ва ўсім свеце. «Чарнобыльская малітва» ва Францыі выдадзена 110-тысячным накладам, у Японіі – гэта адна з самых прадаваемых кніг. Пад уздзеяннем кнігі Алексіевіч шведскі кампазітар Крыхан Ларсан напісаў «Чарнобыльскі канцэрт» для магнітафоннай стужкі, трамбона і віяланчэлі.

Святлана Алексіевіч – лаўрэат 17 міжнародных прэмій, прысуджаных ёй не толькі за творчасць, але і грамадзянскую пазіцыю. І ўсё ж вестка пра ўключэнне яе ў лік фіналістаў прэміі Амерыканскага нацыянальнага таварыства кніжных крытыкаў стала для Алексіевіч прыемнай нечаканасцю.