1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

СМІ і дэмсілы

Генадзь Канстанцінаў

У Мінску прайшоў “круглы стол” “Незалежныя СМІ і дэмакратычныя сілы”. Лідэры АДС, прадстаўнікі БАЖ і недзяржаўных медыяў абмяркоўвалі праблемы стасункаў палітыкаў і журналістаў.

https://p.dw.com/p/EBV2
Фото: Picture-Alliance /dpa

Апошнім часам у беларускай дэмакратычнай супольнасці разгарэлася дыскусія наконт мэтазгоднасці прапанаванай Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі ідэі стварэння грамадскай кансультацыйнай ці назіральнай рады ці камісіі па дзейнасці створанага ў Польшчы тэлеканалу БЕЛСАТ. Гэтая, падавалася б, шэраговая прапанова, датычная адзінкавага сродку масавай інфармацыі, выклікала неадназначную рэакцыю сярод незалежных беларускіх журналістаў, якія ўбачылі ў спробах ствараць такія рады ці камісіі імкненне палітыкаў умяшацца ў дзейнасць СМІ.

Як падкрэсліў галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч, “незалежная прэса не з’яўляецца “белай, пухлатай і бездакорнай”. У нас хапае сваіх хібаў, як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных. Але я вельмі сумняюся, што праблемы можна вырашыць пры дапамозе рознага кшталту назіральных радаў”.

Паводле словаў старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанны Літвіной, “нашы інтарэсы не заўсёды супадаюць з інтарэсамі палітыкаў. Ваш інтарэс – прыход да ўлады, наш прафесійны інтарэс, інтарэс мас-медыя – гэта дыялог у грамадстве і з грамадствам”.

Як адзначыў старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі, адзін з ініцыятараў стварэння назіральнае камісіі па БЕЛСАТу Уладзімір Колас, “гэта не адкрытае грамадства, таму пэўныя рэчы ў нас зусім па-іншаму павінныя ажыццяўляцца, у тым ліку і празрыстаць дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі, і пэўнае супрацоўніцтва, партнёрства паміж дэмакратычнымі сіламі і СМІ".

Крыўдуеш на крытыку – не суйся ў палітыку

Галоўны рэдактар газеты “Товарищ” і адначасна сябра ЦК Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазняк адказаў на незадаволенасць некаторых апазіцыянераў крытыкай на іх адрас у незалежных СМІ з пункту гледжання і палітыка, і журналіста: “Калі ты крыўдзішся на выступы прэсы, змяні працу, проста не суйся ў палітыку. Ты абраў сабе публічную працу і будзь гатовы да публічнага “абстрэлу”, у тым ліку і прэсы. Для мяне гэта ўсё зусім зразумела. А цяпер вось што я кажу калегам-журналістам: не забывай, у якой краіне ты працуеш”.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч фактычна закрануў і пытанне кантролю за фінансамі, якія выдаткоўваюццам на тыя СМІ, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і фундуюцца польскім бокам. На гэта Жанна Літвіна адпарыравала: “У мяне ёсць такое любімае слова “зачуха” – “заведующий чужим хозяйством». Каб мы не пераўтварыліся ў тых зачухаў і не кантралявалі чужыя сродкі, бо гэта адно з самага ганебнага”.

У часе дыскусіі падкрэслівалася, што для беларускіх незалежных журналістаў ёсць шмат праблемаў, агульных з дэмакратычнымі сіламі – гэта пяць артыкулаў Крымінальнага кодэксу, якія пралугледжваюць адказнасць ажно да турэмнага зняволення за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, крытыку вышэйшых службовых асобаў і гэтак далей. Плюс эканамічная нароўнасць дзяржаўных і недзяржаўных медыяў. Паводле журналіста Аляксандра Класкоўскага, менавіта палітыкі на самых розных узроўнях і падчас сустрэчаў у розных краінах і міжнародных структурах маглі б уздымаць якраз гэтыя пытанні.

“Скасаваць дыскрымінацыйныя забароны, пра што мала кажуць палітыкі. Мяняць драконаўскае заканадаўства: дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, вісіць гэты дамоклаў меч - пакуль былі папярэджанні, але ж там да двух гадоў турмы. Рыхтуюцца новыя пагрозы для інтэрнэта. Трэба біць ва ўсе званы не потым, калі ўжо прымуць нейкі ўказ ці папраўкі ў закон, трэба ўжо цяпер рабіць гэта ў розных радах Еўропы і гэтак далей. Не назіральная рада, а іншая мусіць быць, і ў ішным кірунку трэба канцэнтраваць намаганні”.

Журналіст – не палітык

Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, пытанне дапамогі беларускім сродкам масавай інфармацыі стаіць першым на ўсіх міжнародных сустрэчах з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі.

“Мы, гаворачы пра падтрымку СМІ, кажам: першае – гэта тэлевізія, другое – гэта друкаваная прадукцыя, якая ўключае не толькі зарэгістраваныя газеты, але і андэграўнд, трэцяе – інтэрнет, чацвертае – медыя-праекты. Гэта тое важнейшае, што трэба падтрымоўваць, і рэсурсна, і фінансава, і палітычна”.

Старшыня БАЖ, гаворачы пра сітуацыю з беларускамоўнымі радыёстанцыямі, якія вяшчаюць на Беларусь з Польшчы, падкрэсліла: “Мы павінны ўсяляк спрыяць і лабіраваць інтарэсы гэтых вяшчальных суб’ектаў у паляпшэнні іх рэтрансляцыі, іхнага сігнала з усіх бакоў. Вось месца палітыкаў, усіх зацікаўленых асобаў у прасоўванні гэтых ідэяў”.

Праблемаў было так шмат, што панядзелкавы “круглы стол” змог толькі іх акрэсліць. Таму было вырашана зрабіць такія дыскусіі рэгулярнымі. Пры канцы імпрэзы старшыня БАЖ Жанна Літвіна заявіла: “Пакуль журналісты – не палітыкі. У нас розная функцыя, у нас розная прафесія. І я – за чысціню прафесій”.