1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Трайная салідарнасць

Вадзім Вілейта8 мая 2007 г.

У Вільні 8 траўня сабраліся сотні грамадзян, каб выразіць салідарнасць Таліну ў канфлікце з Расеяй у справе пераносу помніка савецкаму ваяру.

https://p.dw.com/p/APie

Удзельнікі акцыі праспявалі гімн акцыі часоў адбудовы незалежных прыбалтыскіх дзяржаў “Мы разам! Вольныя і незалежныя!”

Гістарычна і этнічна няшмат што маючы агульнага, літоўцы, латышы і эстонцы без сумневу збліжаюцца і салідарызуюцца перад тварам агульнай небяспекі. А менавіта як пагрозу ўсёй Прыбалтыцы літоўцы ўспрымаюць ціск Расеі на Талін. Учора – Грузія, сёння – Эстонія, заўтра – магчыма, Літва – казалі ўдзельнікі акцыі на Кафедральнай плошчы Вільні. Менавіта супраць умяшання Расеі ва ўнутраныя справы прыбалтыйскіх краін і выступалі маніфестанты

«За нашую свабоду, за свабоду усіх прыбалтыйскіх краін, таму шта мы былі акупаваны Савецкім Саюзам раней. А зараз мы хочам паказаць, што мы зноў свабодныя, што можам быць разам так, як хочам, а не па прымушенню», - казаў маладзёвы актывіст, студэнт-палітолаг Юстынас.

У 1989 годзе удзельнікаў акцыі, што прайшла па ўсёй Прыбалтыцы, было больш за мільён. У гэты раз – толькі каля тысячы ў Вільні і яшчэ прыблізна столькі ж у Рызе. Але лозунгі гучалі падобныя. Літоўцы разам з эстонцамі гавораць, што спробы пазбыцца савецкай спадчыны не маюць нічога агульнага з рэабілітацыяй фашызму – проста савецкая акупацыя, за якой пачаліся масавыя сталінскія рэпрэсіі, ім здаецца не менш страшная за нацыскую. Удзельніца маніфестацыі Рэгіна:

«Савецкая ўлада не прынесла свабоды балтыйскаму народу, а помнікі не гавораць аб тым, што савецкія ваяры яе прынеслі. Тое, что мы іх зносім не азначае фашызм. Мы – тры краіны, якія змагаюцца за свабоду, якая прыйшла к нам толькі ў пачатку 90-х гадоў».

Арганізатарка акцыі, рэдактарка штотыднёвіка “Атгімімас” Індрэ Макарайцітэ падкрэслівае, што салідарнасць балтыйскіх краін не накіравана супраць простых расейцаў і памяці савецкіх салдатаў, аднак не хавае, што ўсё больш агрэсіўная знешняя палітыка афіцыйнай Масквы, а таксама млявая рэакцыя на гэтую палітыку з боку Еўропы выклікае сур’ёзную заклапочанасць:

«Савецкія войскі прынеслі нам акупацыю, аднак ніколі Літва, Латвія і Эстонія не жадалі вайны. Успаміны простых людзёў, ваяроў – гэта святое. Гэтая акцыя не супраць Расеі, а супраць таго, што робяць недэмакратычныя палітыкі».

Салідарнасць з Эстоніяй напярэдадні савецкага Дня перамогі Літва выражала не толькі грамадскімі акцыямі ў цэнтры горада і каля расейскай амбасады, але і на афіцыйным узроўні. Літоўскі Сойм прыняў рэзалюцыю, якой заклікаў дзяржавы Еўразвязу аказаць падтрымку Эстоніі, супраць якой Расея распачала дыпламатычныя і эканамічныя санкцыі, а віцэ-старшыня парламенту Чэславас Юршэнас заклікаў грамадства больш актыўна закупляць эстонскія тавары.