1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Удзельнікі агітацыйнага туру за Лукашэнку стануцца неўязнымі ў Еўропу?

Алена Данейка

У інтэрнэце з'явіліся спісы беларускіх музыкаў, якія ўдзельнічалі ў канцэртах на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі

https://p.dw.com/p/8Avd

Прапанова ўключыць іх у спісы беларускіх грамадзянаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю Еўразвязу, можна назваць голасам народа. Высветліць, каму першаму прыйшла ў галаву гэтая ідэя, ужо немагчыма. Гаворка ідзе аб спісах патэнцыйных "невыязных" - яны спрыялі правядзенню ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх кандыдаты не мелі роўнай магчымасці агітаваць і распавядаць пра свае праграмы.

Канцэрты "За Беларусь", арганізаваныя за дзяржаўныя сродкі, ішлі амаль два месяцы па ўсёй краіне. Акрамя песень, артысты спявалі дыфірамбы прэзідэнту Лукашэнку. Квіткі на канцэрты распаўсюджваліся бясплатна, а сям-там публіку дастаўлялі ў прымусовым парадку.

Сярод беларускіх удзельнікаў былі маладыя выканаўцы і шаноўныя "Сябры". У іх выкананні прагучала песня "Слухай Бацьку". Мелодыя - у стылі рэстараннага шансону, словы - не пакідаюць сумневаў наконт ідэалагічных прыхільнасцяў аўтараў і выканаўцаў.

З падачы культуролага Максіма Жбанкова журналісты "Белорусской деловой газеты" вырашылі высветліць меркаванне беларускіх музыкаў наконт апошніх падзеяў у краіне. І цытаты менавіта з іх артыкула цяпер і карыстаюцца папулярнасцю ў Інтэрнэце.

Журналісты звярнуліся і да музыкаў, якім негалосна забаронена выступаць у Беларусі, і да тых, хто дэманстратыўна падтрымліваў Лукашэнку.

Музыкі, якія сімпатызуюць апазіцыі і якія маюць падставы турбавацца аб сваім лёсе і кар'еры, адказваюць на пытанні ахвотна і адкрыта. А звязацца з тымі дзеячамі эстрады, якія падтрымліваюць Лукашэнку, сталася вельмі складана. Больш-менш выразны каментар далі толькі Ірына Дарафеева і Аляксей Хлястоў. Але і яны гаварылі формуламі, якія тыражуюцца дзяржаўнымі СМІ: "выбары прайшлі дэмакратычна", "трэба паважаць меркаванне народа", "недапушчальна забруджваць цэнтр горада". Хлястоў абмовіўся, што аб акцыях пратэсту можа судзіць толькі па тэлерэпартажах. А Дарафеева сказала, што тыя, хто пратэстуе - невукі, не інфармаваныя аб сітуацыі ў краіне. І дадала, што нічога не чула пра пацярпелых з боку ўдзельнікаў акцыі пратэсту 25 сакавіка, затое ведае, як пацярпела міліцыя. Акрамя таго, спявачка назвала сілавы разгон мірнай дэманстрацыі "змушанай мерай".

Па меркаванні культуролага Максіма Жбанкова, атрыманыя адказы паказваюць, што "кішэнныя" зоркі беларускай эстрады жывуць ва ўмоўным свеце, штучна адгарожваюцца ад рэальных праблемаў у надзеі захаваць уласны дабрабыт. "Гэтым хлопцам і дзяўчатам ужо ёсць чаго баяцца. Яны занепакоеныя", - мяркуе Жбанкоў. Але ідэю аб уключэнні пралукашенкаўскіх зорак у "чорны спіс" ён раскрытыкаваў, хоць і лічыць, што іх “караць трэба. Але як, у якой меры? Думаю, што самым вялікім пакараннем апынецца тое, што шмат хто зараз перастане ім верыць. І нават іх лёгкія тупаватыя песенькі перастануць слухаць...”