1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“У вашых паслугах больш няма патрэбы“

Ларыса Новікава

З якімі праблемамі сутыкаюцца актывісты ініцыятыўных групаў пры зборы подпісаў у Гарадзенскай вобласці ?

https://p.dw.com/p/7nhq
Фото: Bilderbox

Выкладчык Гарадзенскага педагагічнага коледжу Мікалай Кашчэчка паведаміў, як у коледжы вылучалі дэлегата ва ўчастковую камісію па выбарах прэзідэнта. Паводле Кашчэчкі, намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Уладзімір Супоненка даручыў яму сабраць выкладчыкаў, каб уключыць у склад камісіі педагога Галіну Мікалайчык – жонку кіраўніка аддзелу Гарадзенскага аблвыканкаму. Але сход прыняў іншае рашэнне і вылучыў кандыдатуру самога Мікалая Кашчэчкі. Даведаўшыся пра тое, што сітуацыя развіваецца не так, як задумвала адміністрацыя коледжу, намеснік дырэктара Супоненка запрасіў частку выкладчыкаў у іншую аўдыторыю і там правёў сход па вылучэнні патрэбнага дэлегата. Тым, хто застаўся ў залі, Ўладзімір Супоненка абвесціў: “У вашых паслугах больш няма патрэбы”. Кашчэчка сцвярджае, што тых, хто застаўся, было больш за дзесяць чалавек, і можна было б вылучыць альтэрнатыўнага дэлегата, але людзей напалохала нахабнае ўмяшальніцтва адміністрацыі ў сход. Намеснік дырэктара Супоненка не бачыць парушэнняў у сваіх дзеяннях і заяўляе, што для вылучэння кандыдатуры Мікалая Кашчэчкі не было кворуму.

З праблемамі ў Гарадзенскай вобласці сутыкаюцца і сябры ініцыятыўных групаў, якія збіраюць подпісы ў падтрымку прэтэндэнтаў. Так, у Ваўкавыску міліцыя затрымала зборшчыкаў подпісаў за Мілінкевіча, запатрабавала ад іх паказаць падпісныя лісты, а затым прапанавала зарэгістравацца ў РАУСе ўсёй ініцыятыўнай групе, каб надалей пазбегнуць падобных інцыдэнтаў.

У Слоніме невядомыя адабралі ў зборшчыка подпісаў Аляксандра Раманчука папку з падпіснымі аркушамі за Мілінкевіча, а таксама пасведчанне сябра ініцыятыўнай групы. Як паведаміў Раманчук, справа была ўвечары, і яны з сябрам не здолелі разгледзець дакументы, якія прад’явілі два чалавекі ў цывільным. Паводле Раманчука, супраціў не меў сэнсу - у машыне, якая пад’ехала да іх, былі яшчэ двое. Расследаванне па факце незаконнага адбірання цяпер праводзіць Слонімскі РАУС.

У Смаргоні пракурор району Мікалай Маліноўскі запрасіў кіраўніка штабу Мілінкевіча Алеся Дзергачова і ўручыў яму пісьмовае папярэджанне з нагоды выдання грамадска-палітычнага бюлеценя “Наш Смаргонскі край”. Пракурор папярэдзіў Дзергачова аб “недапушчэнні у далейшым”, як гаворыцца ў афіцыйным дакуменце, “парушэння Закона аб друку, выбарчага заканадаўства, а таксама іншых законаў Рэспублікі Беларусь”. Паводле пракурора Маліноўскага, “Злачынства лягчэй папярэдзіць. Калі Дзергачоў будзе выдаваць бюлецень, ён можа дапусціць парушэнне”.

Такую “увагу” улады да актывістаў ад апазіцыі Аляксандр Дзергачоў расцэньвае як спробу запалохаць. Пры гэтым, як адзначае Алесь, гульня ідзе ў адную браму: подпісы за прэзідэнта Лукашэнку, у парушэнне закону, збіраюць непасрэдна на працоўных месцах і ў студэнцкіх аўдыторыях, але ўлада робіць выгляд, што нічога супрацьзаконнага няма.

Як паведаміў “Нямецкай хвалі” кіраўнік абласнога штабу Мілінкевіча Анатоль Хацько, усе факты парушэнняў у выбарчай кампаніі будуць выкладзеныя ў заяве ў Цэнтрвыбаркам, а таксама даведзеныя да ведама назіральнікаў місіі АБСЕ ў Беларусі.