1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Гродна пераследуюць актывістаў штаба Мілінкевіча

Ларыса Новікава

Кіраўнік абласнога штабу адзначае, што ўлада выкарыстоўвае міліцыю для ізаляцыі найбольш актыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі

https://p.dw.com/p/84B4
Фото: AP

Начальнік следчага аддзела Шчучынскага раённага аддзела міліцыі Іван Новікаў пацвердзіў факт узбуджэння крымінальнай справы па артыкуле 293 – за падрыхтоўку для удзелу ў масавых беспарадках, але падрабязнасці паведамляць адмовіўся. Тым не меньш, стала вядома, што ўчора ў Шчучыне быў змешчаны ў следчы ізалятар актывіст каманды адзінага кандыдата Сяргей Ляшкевіч, і, як паведаміў дзяжурны міліцыі, менавіта па гэтым артыкуле. Па словах мясцовых актывістаў, Ляшкевіча затрымалі па крымінальнай справе пасля таго, як ён звярнўся ў Шчучынскую раёную пракуратуру са скаргай на дзеянні праваахоўных органаў.

У сувязі з крымінальнай справай учора быў таксама праведзены ператрус у доме ўдзельніка выбарчай кампаніі Мілінкевіча, урача Шчучынскай бальніцы Васіля Бязмена. Як яму паведамілі міліцыянты, ператрус праводзіўся па справе аб тэрарызме. У Бязмена шукалі выбуховыя рэчывы, а канфіскавалі сістэмны блок ад кампутара і дыскі. На думку Васіля Бязмена, улада хоча адпомсціць за падтрымку Аляксандра Мілінкевіча.

А ўчора суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызначыў старшыні гарадскога штаба адзінага кандыдата ад апазіцыі Вадзіму Саранчукову – пяць сутак арышта за хуліганства. Па словах Вадзіма, раніцай, калі ён толькі пайшоў з хаты, да яго падыйшлі два міліцыянта і паведамілі, што ён нібыта “мачыўся ў грамадзкім месцы». Саранчукова затрымалі і змясцілі ў спецпрыёмнік, як адзначана ў міліцэйскім пратаколе, «за знявагу заканадаўства і улады”.

Вырак аб арышты суд агалосіў у асобным пакоі толькі Саранчукову ды ягонаму адвакату. Жонка Вадзіма Ірына кажа, што “раней улады шукалі нейкую нагоду для арышта, а зараз хапаюць і садзяць за краты».

Кіраўнік абласнога штабу Анатоль Хацько назваў арышт Вадзіма правакацыяй і адзначае, што ўлада выкарыстоўвае міліцыю для ізаляцыі найбольш актыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі. Па словах Хацько, усё кіраўніцтва абласнога штаба Мілінкевіча і актывісты ягонай ініціыятыўнай групы атрымалі позвы ў міліцыю. А ўчора міліцыя дапытала не меньш за 10 актывістаў, як сведкаў па крымінальнай справе, якая была ўзбуджаная пасля з”яўлення ў Гродна надпісаў “Лукашэнка – зыходзь”, і “Лукашэнка – гэта бяднота”. Аднаму з актывістаў Віктару Сазонаву – уладальніку мікрааўтобуса ДАІ даслала позву – тэрмінова прадставіць машыну на экспертызу.

На думку кіраўніка абласнога штаба адзінага кандыдата Анатоля Хацько, улада аказвае ціск на апазіцыю напярэдадні прыезда ў Гродна Аляксандра Мілінкевіча на сустрэчу, якая прызначана на 12 гадзін у суботу 4 сакавіка. Сустрэча адбудзецца на плошчы каля абласной філармоніі, таму што штаб адмовіўся ад залаў, якія былі прапанаваныя ўладамі для сустрэч з Мілінкевічам, таму что яны вельмі малыя.

А між іншым у Гродна, на месцах, якія адведзеныя для агітацыі, на плакаты з фатаграфіяй Мілінкевіча былі наклееныя паведамленні аб святочным канцэрце да 8 сакавіка. Пры гэтым у адміністрацыі філармоніі паведамілі, што что адмысловага загада – заклейваць плакаты з перадвыбарнай агітацыяй адзінага кандыдата ніхто не даваў.