1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Мюнхене завершыўся міжнародны конкурс мультымедыйных прэзентацыяў

Алена Мікалаева

Каманда навучэнцаў гімназіі №4 з Віцебску абышла чатыры з паловаю тысячы камандаў з 38 краінаў свету і была ўганараваная як пераможца. Пра пераможны праект і пра тых, хто яго рэалізаваў

https://p.dw.com/p/8X2w

Нямецкі канцэрн «Сіменс» абвесціў конкурс мультымедыйных прэзентацыяў у кастрычніку 2005 году. Яго мэтаю было тое, каб навучэнцы, узрост якіх ад 12 да 19 гадоў, падрыхтавалі прэзентацыю, у якой, з’яднаючыся ў адзінае цэлае, тэкст, графіка, музыка, мова, анімацыя і відэакліпы ў вынику ўяўлялі сабою арыгінальную забаўляльную інтэрактыўную кампутарную праграму. Зацікаўлены ў прасоўванні ведаў пра новыя тэхналогіі па ўсім свеце, «Сіменс» сам распрацаваў і прапанаваў удзельнікам тэмы.

На адной з іх – «Людзі і мясціны» - спыніла свой выбар віцебская каманда, якая стварыла мультымедыйны праект пад назовам «Горад Вялікага Майстра». У ім васемнаццацігадовыя навучэнцы віцебскай гімназіі нумар 4 прадастаўляюць магчымасць пазнаёміцца з іх родным горадам, адлюстраваным у мастацтве вялікага Марка Шагала. Відэашэраг суправаджае музыка, аўтарам якой стаўся адзін з чальцоў віцебскай каманды Іван Клімко. Разам з ім у складзе «выбітнай пяцёркі» - гімназісты браты Рыгор і Міхаіл Будрагель, Віталь Барысенка ды Аляксандр Красіцкі. Ідэйныя натхняльнікі, пад кіраўніцтвам якіх вялася праца над праектам, - выкладчыкі гімназіі, мастакі Андрэй Духоўнікаў і Таццяна Даргель.

На цырымоніі ўзнагароджання ў Мюнхене прызнаны аўтарытэт у галіне электронных тэхналогіяў Томас Баўман уручыў ім ад імя арганізатара конкурсу каштоўны прыз – кампутар. Цікава, што год таму гэтая ж каманда ўжо брала ўдзел у падобным «сіменсаўскім» конкурсе, але заняла тады толькі адзінаццатае месца.

Пераможцы, а яны хутка заканчваюць гімназию, паводле ўмоваў конкурсу маюць ільготы пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Нямеччыны. Але скарыстацца гэтымі ільготамі ім перашкаджае адсутнасць неабходных фінансавых сродкаў на навучанне за мяжою. Таму, маручы стаць праграмістамі, маладзёны маюць на ўвазе навучанне ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Адметна, што ў гэтым выпадку дыплом пераможцы міжнароднага конкурсу не дае віцяблянам ніякіх перавагаў на ўступных іспытах.