1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У чым прычына гібелі літоўскага дыпламата?

Паўлюк Быкоўскі

Цела дыпламата было знойдзена ля мясцовага гатэлю "Інтурыст". Тут Вітаўтас Пацюнас спыніўся падчас працоўнага візіту ў Берасце. Праваахоўныя органы мяркуюць, што дыпламат Пацюнас выпаў з вакна гатэлю.

https://p.dw.com/p/90GU

У ноч з 22 на 23 жніўня ў Берасці падчас службовай камандзіроўкі загінуў Дараднік-пасланец Генеральнага консульства Літоўскай Рэспублікі ў Гародні афіцэр літоўскай бяспекі Вітаўтас Пацюнас. Пра гэта 23 жніўня з'явілася паведамленне на інтэрнет-сайце МЗС Літвы www.mfa.lt.

Цела дыпламата а палове на дзевятую раніцы 23 жніўня знайшлі рабочыя з будоўлі, што ля мясцовага гатэлю "Інтурыст". Тут Вітаўтас Пацюнас спыніўся падчас працоўнага візіту ў Берасце. Праваахоўныя органы мяркуюць, што дыпламат Пацюнас выпаў з вакна гатэлю, смерць наступіла ў выніку падзення з 9-га паверху. У паведамленні прэс-службы МЗС Літвы сказана: "Акалічнасці няшчасця высвятляюцца", гэта значыць, адсутнічае адзнака падзеі як забойства, самазабойства альбо смерці па неасцярожнасці. Першы сакратар прэс-аддзелу МЗС Літвы Раймунас Мачус каментаваць тое, што адбылося, адмовіўся.

У беларускім знешнепалітычным ведамстве 23 жніўня а другой гадзіне дня каментаваць сітуацыю таксама адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ім пра дадзены факт нічога не вядома. Калі я распавёў паведамленне з сайту МЗС Літвы, супрацоўніца прэс-службы беларускага знешнепалітычнага ведамства, відаць, шчыра ўсхвалявалася:

"Ой, Божухна, ты мой любасны! Зараз мы ў прынцыпе будзем удакладняць інфармацыю. Калі нешта будзе для анансавання, то мы дамо для сайту".

Аднак, на сайце www.mfa.gov.by так нічога і не з'явілася, але ў 15.46 дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА са спасылкай на МЗС РБ паведаміла, што Вітаўтас Пацюнас быў зарэгістраваны ў службе дзяржпратаколу Міністэрствы замежных справаў Беларусі ў якасці віцэ-консула Генеральнага консульства Літвы ў Гародні. Указанняў на прыналежнасць да літоўскіх спецслужбаў адсутнічае.

У прэс-службе Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму пацвердзілі факт гібелі Вітаўтаса Пацюнаса, удакладнілі, дзе жыў дыпламат, і паведамілі, што справай займаецца пракуратура Ленінскага раёну Берасця.

Там каментаваць справу не сталі, спаслаўшыся на тое, што каментар можна атрымаць толькі

"У пракурора раёна або старэйшага следчага. Але старэйшы следчы цяпер працуе на месцы здарэння, таму яго сёння не будзе. Пракурор раёна на райвыканкаме".

Абласная пракуратура параіла шукаць адказ у рэспубліканскай, дзе, дарэчы, цалюткі дзень прэс-служба не падыходзіла да тэлефона. Але затое ў Берасцейскай абласной пракуратуры паведамілі, што на цяперашні час крымінальная справа не ўзбуджаная:

"Не, а дзеля чаго? Навошта яна сёння будзе ўзбуджаная? Справа ўзбуджаецца, калі злачынства. У нас такіх дадзеных няма на сённяшні дзень. Праводзіцца праверка".

Паводле дадзеных пракуратуры, падставаў сцвярджаць, што гэта была гвалтоўная смерць, няма.

Тым часам у Гародні, але ўжо ў консульстве Польшчы, а не Літвы была прыпыненая праца на 40 хвілінаў з прычыны таго, што адзін з наведнікаў прыйшоў на прыём са зброяй. Каля дзесятай гадзіны раніцы, калі мужчына праходзіў у будынак генконсульства Польшчы, спрацаваў металадэтэктар. Ахоўнікі затрымалі наведвальніка і затым перадалі яго ў рукі міліцыі. У кішэні ў затрыманага быў выяўлены выбухоўнік ад гранаты. Сам затрыманы, якому на выгляд каля 60 гадоў, паведаміў, што ён проста запамятаваў выкласці прадмет з кішэні. "Беларусь была, ёсць і яшчэ надоўга застанецца краінай партызанаў", -- пасумоўвае сайт AFN.BY, які распавёў пра гэты інцыдэнт.