1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

У Швецыі ўсё больш ведаюць пра Беларусь

Генадзь Канстанцінаў4 июня 2008 г.

6 чэрвеня будзе адзначацца Нацыянальны дзень Швецыі. З гэтай нагоды кіраўнік адзялення Пасольства Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан распавёў пра сваю краіну і акрэсліў стасункі паміж дзвюма дзяржавамі.

https://p.dw.com/p/EDYD

Як распавёў кіраўнік адзялення Пасольства Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, афіцыйна як нацыянальнае свята дзень 6 чэрвеня адзначаецца з 1983 году. А звязана гэта з двумя гістарычнымі датамі – 6 чэрвеня 1523 году Густаў Эрыксан, які двумя гадамі раней ачоліў народнае паўстанне, быў абраны каралём Швецыі пад імем Густаў І Ваза. А 6-га чэрвеня 1809 году была прынятая новая Канстытуцыя, якая дзейнічала да 1 студзеня 1975 году.

Да гэтага свята ўжо былі зладжаныя дні Швецыі ў Беларусі, а ў сераду ў сталічным кінатэатры “Цэнтральны” пачаўся Тыдзень шведскага кіно. Паводле дыпламата, аб’ём тавараабароту паміж дзвюма краінамі за мінулы год склаў каля аднаго мільярда шведскіх кронаў (каля 100 мільёнаў эўра), а ў Беларусі добра вядомыя брэнды Volvo, Eriksson, Saab ды іншыя.

Стасункі будуць развівацца

Пасол Эрыксан выбітна валодае беларускай і рускай мовамі, часта бывае ў розных рэгіёнах краіны, шмат сустракаецца з жыхарамі краіны, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі, таму добра ведае сітуацыю ў Беларусі. На пытанне “Нямецкай хвалі”, як спадар амбасадар ставіцца да нядаўна вынесенага прысуду тром моладзевым актывістам за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў, Стэфан Эрыксан адказаў: “Гэтыя прысуды выклікаюць трывогу. Мы б хацелі, каб такога не было, бо гэта робіць нашыя адносіны больш складанымі”.

Паводле словаў дыпламата, ён цікавіцца і маючымі адбыцца ў Беларусі ўвосень бягучага году парламенцкімі выбарамі: “Парламенцкія выбары – гэта заўжды важная падзея, і я думаю, што для Беларусі, для яе адносінаў з Еўропай, з Еўразвязам вельмі важна, каб гэтыя выбары сапраўды прайшлі дэмакратычна, адкрыта, як яны павінныя прайсці ў Еўропе”.

Стэфан Эрыксан адзначыў, што яшчэ не багата шведаў ведаюць пра краіну, дзе ён цяпер працуе: “Беларусь – не вельмі добра вядомая ў Швецыі, але калі параўнаць сітуацыю з той, што была 15 гадоў таму, то тады, я думаю, увогуле цяжка было знайсці шведа, які б сапраўды ведаў пра беларусаў, пра Беларусь, таму рух ёсць, мы ўсё больш даведваемся пра Беларусь, і я спадзяюся, што мы ў далейшым будзем больш сябраваць і ездзіць адзін да аднаго”.

Подпісы за Беларусь у Еўропе

А тым часам кампанія “Еўрапейская Беларусь” абвесціла пра пачатак збору мільёну подпісаў грамадзянаў краіны за далучэнне да Еўрапейскага Звязу. Як адзначыў каардынатар кампаніі Зміцер Бародка, “дэманстрацыя еўрапейскага выбару беларускага народа – гэта асноўная мэта. Вялікая колькасць людзей – гэта таксама ціск на ўладу, няхай ускосны, каб яна ведала, што вялікая колькасць людзей жадаюць рухацца ў накірунку дэмакратыі, стабільнасці і квітнення сваёй краіны, а менавіта еўрапейскі шлях і ёсць шлях у гэтым накірунку”.

Зміцер Бародка адносна сабраных у будучыні подпісаў заявіў: “Гэтыя подпісы мы перададзім кіраўніцтву еўрапейскіх структураў, у Еўрапарламент, каб яны памяталі пра нас, праводзілі сваю палітыку, памятаючы, што беларусы – частка еўрапейскага народа, частка Еўропы”.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі з пэўнай доляю скепсісу ставіцца да гэтай кампаніі збору подпісаў: “Гэтая кампанія сапраўды не мае нейкага канчатковага механізму. Падвісае пытанне: сабралі няхай не мільён, ну, паўмільёна. Ну, што? І цяпер сацыялогія паказвае, што пэўны працэнт жыхароў Беларусі, не такі вялікі, на жаль, як гэтага, мусіць, хацелася б энтузіястам гэтага вектару, за ўваходжанне ў Еўразвяз.

І збор подпісаў тут не можда быць нейкім адэкватным інструментам хаця б таму, што многія людзі баяцца. Яны, можа, у душы і за ўступленне ў Еўразвяз, але над імі начальства, і яны будуць проста баяцца засведчыць сваю пазіцыю, бо трэба падпісвацца і пакідаць свае дадзеныя. А ў нашых палітычных умовах гэта не зусім бяспечна”.