1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Фільм пра “Гомельскія Курапаты”

Генадзь Канстанцінаў20 февраля 2008 г.

У сядзібе БНФ днямі адбыўся прэм’ерны паказ дакументальнай стужкі “Лес смерці”, прысвечанай “Гомельскім Курапатам” – месцу расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў ў 30-я гады 20-га стагоддзя.

https://p.dw.com/p/DAbe
Фото: AP

Фільм апавядае пра знойдзенае ў 2007 годзе ва ўрочышчы Тры Слупы пад Гомелем новае месца масавых забойстваў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у 30-я гады мінулага стагоддзя. Тут адбываліся расстрэлы так званых “ворагаў народа” - цывільных жыхароў з навакольных вёсак ды іншых рэгіёнаў Беларусі і, як сцвярджаюць незалежныя эксперты, нават з Украіны.

Сведчаць відавочцы

У аснову стужкі пакладзены ўспаміны відавочцаў тых жахлівых падзеяў 1937-38 гадоў, а менавіта ў гэты час там, паводле іх словаў, адбываліся наймасавыя расстрэлы мірных людзей энкавэдыстамі. Сведчанні герояў фільма абвяргаюць заявы гомельскіх чыноўнікаў пра тое, што знойдзеныя летась у прыгомельскіх лясах людскія парэшткі – гэта астанкі мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі ў часы Другой сусветнай вайны.

- Каго стралялі? “Ворагаў народа”… Прывезлі, расстралялі, прырылі і ўсё… Давай людзі хадзіць там. Находзяць – тырчыць рука чалавечая… Гэта да вайны было, 37-38 год…

- Як пачалі браць, дык выбралі ўсю вёску… Мужыкоў…

Як адзначыў рэжысёр мантажа, старшыня Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, тое, што праўда пра сталінскія рэпрэсіі на Гомельшчыне ўскрываецца, магчыма дзякуючы супрацы ачоленай ім арганізацыі і Аргкамітэта па ўшанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Уладам нецікава гістарычная памяць

Паводле словаў Антона Астаповіча, мясцовыя ўлады пакуль без энтузіязму ставяцца да дзейнасці мясцовых актывістаў, што да выкрыцця новых фактаў камуністычнага тэрору ў перадваенныя гады.

З інфармацыі прадстаўнікоў гомельскіх дэмсілаў, у мясцовых чыноўнікаў існуюць нават планы забудовы ляснога масіву, дзе забівалі і закапвалі людзей, жылымі кварталамі. Фільм “Лес смерці” даказвае, што ёсць усе падставы для таго, каб гэтым урочышчам пад Гомелем зацікавіліся не толькі рэгіянальныя, але і рэспубліканскія ўлады і не з пункту гледжання мяркуемай забудовы, але з пункту гледжання захавання гістарычнае памяці.

Як адзначае Антон Астаповіч, “мы выязджалі на месца, праводзілі рэкагнасцыроўку гэтага ўрочышча. Там увогуле павінная працаваць досыць шырокая камісія”.

Надзея на грамадскасць

Як адзначыў прадстаўнік Аргкамітэту па ўшанаванні памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Вячаслаў Сіўчык, на жаль, тая сітуацыя, якая склалася ў Гомелі, тыповая для Беларусі. “Раскопваюцца ўвесь час месцы масавых злачынстваў, толькі вельмі часта грамадства пра гэта не ведае, і калі ставіць пытанне шырэй, самому беларускаму грамадству трэба як мінімум усталяваць мемарыяльныя знакі, тыя ж крыжы, па ўсіх тых месцах рэпрэсіяў, якія вядомыя на цяперашні момант”.

Вядомы кінадраматург Уладзімір Халіп у сваім выступе выказаў меркаванне, што “толькі грамадства можа захаваць памяць пра тое, што тут рабілася - толькі вось гэткія людзі, што не далі схаваць “Гомельскія Курапаты” пад асфальтам новых мікрараёнаў, могуць сёння нешта зрабіць для Беларусі”.

Як паведаміў Антон Астаповіч, цяпер на прафэсійнай аснове вядзецца падрыхтоўка новай, даўжэйшай версіі фільма “Лес смерці”, якую аўтары плануюць прадставіць на суд грамадскасці 29 кастрычніка гэтага году – на адзначаемы дэмакратычнай супольнасцю Дзень памяці ахвяраў сталінізма ў Беларусі.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще