1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“Ці прайшлі мы так, каб пачула Еўропа?”

Генадзь Канстанцінаў 14 октября 2007 г.

Нягледзячы на забарону з боку ўладаў, а 14 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы Мінску сабраліся каля дзвюх тысячаў чалавек. Пра незаконнасць збору на Кастрычніцкай плошчы людзей папярэджвалі не толькі праз гукаўзмацняльнікі.

https://p.dw.com/p/BquK
Фото: AP

Старшыня сталічнай арганізацыі Маладога фронту Зміцер Федарук быў настроены катэгарычна супраць таго, каб людзі ішлі на вызначанае ўладамі месца правядзення мітынгу на плошчы Бангалор: „Прыйшоў час нам усім усвядомець, што мы з вамі грамадзяне цывілізаванай Еўропы, і наша месца тут, на Кастрычніцкай плошчы. Не на калгасе ў Бангалоры, а тут, у сэрцы Еўропы, у цэнтры Мінска. Жыве Беларусь!“

Мірная дэманстрацыя ісці ў Еўропу

Пра незаконнасць збору на Кастрычніцкай плошчы людзей папярэджвалі не толькі праз гукаўзмацняльнікі. Так, да лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча асабіста звярнуўся намеснік начальніка ГУУС Мінгарвыканкаму спадар Найдзенка: „Калі вы тут будзеце праводзіць мерапрыемства, вы адкажаце“.

Аляксандар Мілінкевіч заклікаў тых, хто прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, накіравацца да Акадэміі навук – дазволенага месца збору, але перад гэтым з дапамогаю мегафона звярнуўся да прысутных з кароткаю прамоваю: „Мы за тое, каб Беларусь зрабіла свой выбар на карысць аб’яднанай Еўропы. Мы былі, ёсць і будзем еўрапейцамі. Наш марш – гэта мірная дэманстрацыя жадання грамадзянскай супольнасці ісці ў Еўропу“.

Улады перашкодзілі правесці дазволены мітынг

Калона з некалькіх тысячаў чалавек накіравалася па ходніках да Акадэміі навук. Там іх чакалі тыя, хто ведаў пра скарэктаванае месца збору. Арганізатары акцыі меркавалі менавіта там правесці мітынг, але моладзь, якія ішла наперадзе калоны ад Кастрычніцкай плошчы, вырашыла не спыняцца і рушыла ў кірунку Нацыянальнай бібліятэкі. Пры гэтым дэманстранты перакрылі рух на галоўнай магістралі Мінска - праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікі дарожна-паставой службы на машынах спрабавалі перашкодзіць руху калоны, тады маладзёны пачалі проста сядаць пад колы машын. Ахоўнікі парадку на дарозе былі змушаныя адступіць.

Праз пятнаццаць хвілінаў у хвасце калоны з’явіліся аўтазакі і аўтобусы са спецназаўцамі. Тады моладзь развярнулася і пайшла ім насустрач, чаго тыя не чакалі. Праз некаторы час калона далучылася да тых людзей, што пасля непрацяглага мітынгу ля Акадэміі навук вырашылі пайсці ў парк Дружбы народаў. Аднак, улады перашкодзілі правесці там дазволены мітынг. Як патлумачыў старшыня аргкамітэту Еўрапейскага маршу Віктар Івашкевіч, тое абсталяванне, якое была аўтаномнае і было ля Акадэміі навук, падчас пераезду сюды было затрыманае міліцыяй.

Не вельмі шматлюдная акцыя

На маршы я сустрэў кіраўніка беларускага аддзялення амбасады Швецыі ў Расіі Стэфана Эрыксана. Дыпламат сказаў, што міжнародная супольнасць сочыць за падзеямі ў краіне: „Беларусь з’яўляецца важнай краінай для Еўропы. Яна, як і ўсе вялікія і малыя краіны, належыць да вялікай еўрапейскай сям’і. І, канешне, Еўропе цікава, што адбываецца ў Беларусі, мы не можам застацца абыякавымі да таго, што там адбываецца“.

Аднак, многія засталіся незадаволеныя тым, як прайшла не вельмі шматлюдная акцыя. Пра гэта сказаў на імправізаваным мітынгу ў Парку дружбы народаў былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч: „Аляксандр Казулін прасіў мяне перадаць вам прывітанне. Ён казаў: прайдзіце так, каб вас пачула ўся Еўропа! Ці прайшлі мы так сёння? Я думаю, што не зусім“.

Тым часам за кратамі застаюцца дзясяткі прэвентыўна затрыманых і спешна асуджаных да адміністратыўных арыштаў актывістаў дэмакратычнага руху, якія з гэтай прычыны не змаглі ўзяць удзел у Еўрапейскім Маршы. А афіцыйны Мінск сваё стаўленне да Еўропы прадэманстраваў тым, што ў нядзелю на польска-беларускай мяжы памежнікамі быў затрыманы віцэ-спікер Еўрапейскага Парламенту Януш Анышкевіч, а дэпутату Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстасу Пыргурыдэсу ўвогуле не далі дазволу на ўзезд у Беларусь.