1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Чаму славацкаму журналісту было адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь?

Віталь Марушэўскі, Браціслава

Паводле словаў самога журналіста, адным з тлумачэньняў адмовы можа быць просты факт: для беларускіх уладаў прысутнасць на выбарах замежных журналістаў, палітыкаў і актывістаў грамадзкіх арганізацый увогуле непажаданая

https://p.dw.com/p/7wvc
Фото: dpa - Bildarchiv

Беларуская амбасада адмовіла ў візе журналісту славацкай газэты «СМЭ» Мірку Тодзе, якія збіраўся прыехаць у Беларусь напярэдадні презідэнцкіх выбараў. Падобным чынам, то бок без тлумачэнняў прычыны адмовы, нядаўна былі пазбаўлены магчымасці наведаць Беларусь і чэшскія сэнатары Карл Шварцэнберг і Ярамір Шцеціна, а таксама прадстаўнік славацкага Інстытуту грамадзкіх сувязяў Марцін Бутора.

Другой версіяй з´яўляецца магчымая незадаволенасць беларускіх уладаў асобай самога Мірэка Тоды. Ён — журналіст найбольш чытанай і сур'ёзнай славацкай газеты, асвятляе для яе падзеі ў краінах Усходняй Еўропы. Гэтак, напрыклад, падчас «аранжавай рэвалюцыі» ён быў у Кіеве, а падчас Кангрэсу дэмакратычных сілаў — у Мінску. Апошнім часам Мірэк Тода апублікаваў некалькі крытычных артыкулаў наконт праблемаў славацкага фонду «Понціс», якія ўзніклі ў сувязі з яго дзейнасцю ў Беларусі. З 2000 году фонд супрацоўніцчае з беларускімі няўрадавымі арганізацыямі. Год таму пры пераездзе літоўска-беларускай мяжы ў прадстаўніка фонду Балаша Ярабіка быў канфіскаваны кампутар, які да сённяшняга дня не быў вернуты. А два тыдні таму хтосці паспрабаваў абрабаваць штаб-кватэру фонду.

Дырэктар «Понцісу» Мілан Ніч паведаміў, што «актывісты фонду, якія знаходзяцца ў кантакце з людзьмі з Беларусі, стаюцца аб'ектамі нападаў і пагрозаў», прычым у самой Славакіі. Марцін Бутора, прадстаўнік славацкага Інстытуту грамадзкіх сувязяў, нават выказаў здогад, што за гэтымі падзеямі могуць стаяць беларускія спэцслужбы, хаця доказаў гэтага пакуль няма.

Як бы там ні было, Мірэк Тода перакананы, што артыкуламі на такія казытлівыя тэмы цяжка здабыць сабе прыхільнасьць беларускіх уладаў. Пакуль невядома, ці адрэагуе як-небудзь на нявыдачу яму беларускай візы славацкае міністэрства замежных спраў, якое ў выпадку Буторы не маўчала: тады яго прэсавы сакратар Юрай Тамага заявіў, што МЗС лічыць нявыдачу візы Буторы «адной з формаў памкнення ізаляваць беларускае насельніцтва ад кантактаў з замежнымі партнерамі.»

Беларускае пасольства ў Браціславе спаслалася на адсутнасць у Мірэка Тоды акрэдытацыі беларускага міністэрства замежных справаў для ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці ў Беларусі.