1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Часопic ARCHE абвінавацілі ў экстрэмізме

Генадзь Канстанцінаў24 ноября 2008 г.

КДБ прызнаў экстрэмісцкім летні нумар незалежнага часопіса ARCHE - адзінага беларускага выдання, аўтарамі якога з’яўляюцца вядомыя ў Беларусі і ў свеце адмыслоўцы.

https://p.dw.com/p/G15b
Фото: Pjotr Ivanov

Эпапея з часопісам ARCHE пачалася яшчэ 24 кастрычніка, калі адзін з аўтараў выдання вёз дзесяць асобнікаў польскім дапішчыкам. Брэсцкія мытнікі на чале з Рэнатай Нядбаевай сканфіскавалі асобнікі часопісу. Нядбаева тады выказала прыватнае меркаванне, што гэты нумар ARCHE шкодзіць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь.

Рэдакцыя часопіса накіравала запыт як у Брэсцкую мытню, так і ў Дзяржаўны мытны камітэт, і вось за подпісам намесніка старшыні камітэту Сяргея Барысюка прыйшоў адказ, сутнасць якога зводзілася да таго, што затрыманне часопіса было правамернае, матэр’ялы нумара былі накіраваныя на экспертызу ў Брэсцкае ўпраўленне КДБ, якое пасля хадайнічала перад судом Маскоўскага раёна абласнога цэнтра аб прызнанні нумара экстрэмісцкім і яго знішчэнні.

Гісторыя = экстрэмізм?

Па словах галоўнага рэдактара часопіса Валерыя Булгакава, "ARCHE сёлета святкавала дзесяць гадоў, і выйшаў нумар на тысячу сто старонак, для штомесячнага выдання гэта вельмі шмат. Да таго ж, ён выйшаў у колеры, таму папросту вось гэта, магчыма, і збіла іх з панталыку, яны, відаць, думалі, што гэта нейкая замежная падрыўная літаратура, хоць нумар абсалютна легальна быў надрукаваны ў мінскай друкарні".

Што да зместу нумара, то ён быў прысвечаны пераважна гістарычным падзеям – гісторыі Беларусі да ўз’яднання з Расійскай імперыяй у 1795 годзе: сярод тэмаў былі Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, беларускі этнагенез, уніяцкая царква і гэтак далей. І толькі сорак старонак з больш як тысячы былі прысвечаны бягучым палітычным падзеям, напрыклад, перадвыбарчай сітуацыі ў краіне, "кругламу сталу" па выбуху ў Мінску ўноч на 4 ліпеня.

"У якасці правакацыйнай з пункту гледжання КДБ можна трактаваць публікацыю кінакрытыка Андрэя Расінскага – рэцэнзію на фільм Анджэя Вайды “Катынь”, дзе чэкісты і фашысты ставяцца ў адзін шэраг, паказваецца іхная злавесная антыгуманная сутнасць, і ў гэтым сэнсе сведчанне ці прароцтва Андрэя Расінскага бліскуча пацвердзілася".

Валерыя Булгакава непрыемна ўразіла фармулёўка высокага чыноўніка адносна лёсу сканфіскаваных асобнікаў ARCHE: "Барысюк, намеснік старшыні Мытнага дзяржкамітэту, так і напісаў: "журнал будет отправлен на уничтожение". Сам гэты выраз нагадвае сапраўды нейкія змрочныя таталітарныя часы.

Хваробістая актыўнасць спецслужбаў

Па словах намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, пытанне аб знішчэнні асобнікаў часопіса мусіць вырашаць толькі суд. "Пакуль што суды дублявалі захады КДБ у тым выпадку, калі справа даходзіла да разгляду. Але ў апошнія часы ў Гарадзенскай вобласці некалькі разоў суды на працэсуальных падставах адмаўляліся разглядаць гэтыя пастановы КДБ. Таму вельмі цікава, як гэтая справа будзе развівацца надалей".

Як адзначыў юрыст Андрэй Бастунец, такія дзеянні спецслужбаў магчымыя толькі "дзякуючы" пэўным адметнасцям некаторых беларускіх заканадаўчых актаў.

“Гэта, на мой погляд, дэманструе вельмі гутаперчавы характар вызначэння экстрэмізму, якое знаходзіцца ў законе “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”, які дазваляе адносіць да экстрэмісцкай дзейнасці ўсё – нават маніторынгава-аналітычныя даклады праваабаронцаў, канцэртныя выступы і фільмы, якія займаюць першыя месцы на міжнародных фестывалях. Гэта праявы хваробістае актыўнасці Камітэта дзяржаўнае бяспекі”.

Тым часам, галоўны рэдактар “ARCHE” Валеры Булгакаў не выключае, што яму давядзецца звярнуцца да інтэлектуалаў і культурных выданняў іншых еўрапейскіх краінаў з заклікам распачаць кампанію салідарнасці.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще