1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

4 снежня - прэзiдэнцкія выбары ў Казахстане

Вiталь Аляхновiч

З Беларуссю гэта падзея звязана ўжо, як мiнiмум, тым, што на мінулым тыдні адтуль былi дэпартаваны беларускiя грамадзяне, якія прыехалі ў Рэспублiку Казахстан у якасці назіральнікаў.

https://p.dw.com/p/7YCC
Фото: Bilderbox

Усе дэпартаваныя беларускiя грамадзяне ўваходзілі ў склад некамерцыйнай арганiзацыi па назіранні за выбарамi ў краінах СНД пад назвай “CIS-EMO”. 18 лістапада мiсiя, зарэгістраваная ў Расii, была пазбаўлена акрэдытацыi на той падставе, нібыта яна не адпавядае статусу міжнароднай арганiзацыi, што патрабуецца па Канстытуцыйным законе «Аб выбарах у Рэспублiцы Казахстан». На наступны ж дзень мiграцыйная палiцыя распачала працэс дэпартацыi каардынатараў арганiзацыi. У ліку апальных назіральнікаў апынуўся i Алесь Карнiенка, сябра Палітычнай Рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Па прыездзе ў Беларусь ён пракаментаваў для радыёстанцыi «Нямецкая хваля» дзеянні казахскiх уладаў.

Алесь амаль месяц жыў у паўночна-казахстанской вобласцi, у горадзе Петрапаўлаўску, дзе выяўляў i фiксаваў парушэнні агульнапрынятых дэмакратычных стандартаў на розных этапах выбарчага працэсу.

Напачатку мне здалося, што ўсё выглядае значна больш дэмакратычна, чым у той жа рэспубліцы Беларусь, але, на жаль, я пераканаўся, што выбары ў Казахстане не з’яўляюцца роўнымі для ўсіх удзельнікаў і для ўсіх кандыдатаў.

Увогуле, беларусы стварылі прэцэдэнт, паколькі ўпершыню ў Казахстане за два тыдні да выбараў пазбавілі акрэдытацыi i дэпартавалi з краіны міжнародную арганізацыю па назіранні. Алесь Карнiенка звязвае гэта з прынцыповай пазіцыяй, якую заняла іх місія.

Мы не сядзелі там моўчкі, усё, што мы назіралі, наша прэсавая служба, наша кіраўніцтва зводзіла ў папярэднія справаздачы. Магчыма, нас акрэдытавалі, думаючы, што раз арганізацыя зарэгістравана ў Расеі, то, напэўна, яна будзе штосьці заўважаць, а штосьці не заўважаць. Думаю, што гэтыя вось нашы папярэднія справаздачы вельмі моцна не спадабаліся кіраўніцтву краіны альбо пэўным сілам у гэтым кіраўніцтве, і нас хуценька з гэтай краіны выдалілі.

Сам працэс дэпартацыi, па словах Алеся Карнiенкі, быў карэктным па форме, але жорсткім па сутнасці. У дзень анулявання акрэдытацыі ў многіх сябраў арганізацыі не працавалі мабільныя тэлефоны, а некаторых змусілі на працягу дзвюх-трох гадзін сабраць рэчы і з’ехаць бліжэйшым цягніком на радзіму. Самому Алесю ўлады нават набылі квіток на самалёт у бiзнес-класе, абы толькі ён як мага хутчэй пакінуў тэрыторыю краіны.

Казахстанскiя ўрокi не прайшлі дарма для беларускiх актывістаў, якія мелі магчымасць асабіста пазнаёміцца з аўтарытарным рэжымам іншай краіны. Так, у Алеся Карнiенкі зараз ёсць упэўненасць у непазбежнасці дэмакратычных зменаў у Беларусi. А нядаўняе з’яўленне рэпрэсiўных законапраектаў, на яго думку, толькі адцягне ў часе агонію дзеючай улады:

Гісторыя рухаецца наперад, Беларусь будзе свабоднай, вольнай, незалежнай, дэмакратычнай краінай, ну можа быць не ў наступным годзе, а праз нейкіх некалькі год”.