1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як у Беларусі рэабілітавалі ахвяр сталінскага тэрору

Таццяна Невядомская
30 октября 2021 г.

29 кастрычніка ў Беларусі ўзгадваюць ахвяр сталінскага тэрору. Ці для ўсіх аднавілі гістарычную справядлівасць?

https://p.dw.com/p/42OSl
Крыжы памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах
Крыжы памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у КурапатахФото: Tatyana Zenkovich/epa/dpa/picture alliance

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў Мінску былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і нацыянальных эліт, у тым ліку 22 пісьменнікі. У гісторыі краіны дата вядомая як ноч расстраляных паэтаў. Кожны год у гэты дзень беларусы прыгадваюць ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Ці ўсе ахвяры рэабілітаваныя, у каго ў Беларусі ёсць доступ да архіваў КДБ і ці вярнулі імёны літаратараў "расстралянага пакалення" у беларускія падручнікі? Пра гэта DW расказваюць эксперты.

Не толькі літаратары, але і міністры

Нягледзячы на ​​тое, што дата 29 кастрычніка 1937 года вядомая ў беларускай гісторыі як ноч расстраляных паэтаў, з больш як сотні забітых толькі 22 чалавекі былі звязаныя з літаратурай, астатнія – дзяржаўныя, партыйныя, ваенныя дзеячы, звяртае ўвагу беларускі гісторык і архівіст Зміцер Дрозд. "Гэта былі прадстаўнікі эліты БССР, у тым ліку некалькі наркамаў (міністраў) і іх намеснікаў і нават былы кіраўнік НК БССР Віктар Яркін. Такі высокі ўзровень ахвяраў тлумачыцца тым, што расстрэльныя спісы спачатку зацвярджаліся ў Маскве асабіста Сталіным і яго найбліжэйшым асяроддзем, а потым ужо фармальна праходзілі праз Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР", – кажа Дрозд. У той жа час, адзначае гісторык, простых грамадзянаў расстрэльвалі паводле рашэння мясцовай "тройкі" (па адным прадстаўніку ад партыі, НКУС і пракуратуры) – гэта значыць увогуле несудовага органа. Аналіз больш як 80 тысяч звестак пра рэпрэсаваных за гады сталінскага тэрору ў БССР паказвае, што толькі 3% з іх мелі вышэйшую і 2% – сярэднюю адукацыю, 51% былі сялянамі, 19% – працоўнымі.

Гісторык і архівіст Зміцер Дрозд у архіве СБУ ў Кіеве
Гісторык і архівіст Зміцер Дрозд у архіве СБУ ў КіевеФото: Privat

"Нішто не можа вярнуць знішчаных людзей і загубленыя жыцці. Зрэшты, бальшавікі і не ставілі задачы вярнуць хаця б тое, што было магчыма. Часта прысуд да расстрэлу суправаджаўся канфіскацыяй маёмасці, у тым ліку і кватэр, у якія засяляліся новыя гаспадары. Магчыма, што я не валодаю тут поўнай інфармацыяй, але я не ведаю ніводнага выпадку ў Беларусі, каб у кагосьці атрымалася вярнуць сваю маёмасць", – дадае гісторык.

Творчасць расстралянага пакалення вывучаюць у дзясятым класе

Большасць рэпрэсаваных у БССР пасля былі рэабілітаваныя, але не ўсе. Не рэабілітаваныя тыя, хто падчас вайны так ці інакш супрацоўнічаў з немцамі або не падлягаў рэабілітацыі, а таксама самі стваральнікі "Вялікага тэрору" – працаўнікі НКУС.

У 1930-1940 гадах у Курапатах расстралялі, паводле розных звестак, ад 30 да 250 тысяч чалавек
У 1930-1940 гадах у Курапатах расстралялі, паводле розных звестак, ад 30 да 250 тысяч чалавекФото: Martin Fejer/est&ost/JOKER/picture alliance

"Не рэабілітаванымі – часткова – засталіся тыя, хто меў сувязі з калабарацыйнымі коламі падчас вайны, – кажа пісьменніца, даследчыца беларускай літаратуры Ганна Севярынец. – Прынамсі, наколькі я ведаю, Ларыса Геніюш (1910-1983, беларуская паэтка, пісьменніца, грамадскі дзеяч, у 1948 годзе асуджаная на 25 гадоў лагераў за здраду "камуністычнай сістэме", хоць ніколі не была грамадзянкай СССР, вызваленая ў 1956 годзе. -Рэд.) на сёння рэабілітаваная часткова, не па ўсіх артыкулах".

Працэс рэабілітацыі бязвінна асуджаных беларускіх пісьменнікаў, паводле Ганны Севярынец, у асноўным адбываўся ў 1950-х гадах, пасля смерці Сталіна. "Былі яшчэ жывыя іх родныя, часцяком нават бацькі, сёстры, браты, жонкі дый калегі ўсё ж, нават тыя, хто пры пасадах, паціху, але метадычна спрыялі гэтаму працэсу", – кажа даследчыца. Што да вяртання імёнаў рэпрэсаваных літаратараў у сучасныя падручнікі беларускай літаратуры, то, адзначае Севярынец, гутарка пра расстралянае пакаленне ідзе ў дзясятым класе. І гэта, па меркаванні суразмоўцы DW, удалае месца ў навучальнай праграме: "Дзеці якраз ужо шмат што разумеюць, могуць ацаніць і вартасць вершаў, і драму лёсаў, пры гэтым над імі яшчэ не навісаюць выпускныя экзамены. Што тычыцца гэтай тэмы ў падручніку – цяпер для дзясятага класа мы маем выдатны падручнік. Адзін з найлепшых наогул, якія я бачыла. Акуратна, без залішніх эмоцый, ёміста, грунтоўна там дадзена гісторыя і значэнне пакалення "расстраляных".

Доступу да архіваў КДБ у Беларусі практычна няма

У той жа час шмат што пра трагедыю расстралянага пакалення ў Беларусі застаецца невядомым – доступу да архіваў КДБ у даследчыкаў няма. "Родныя маюць, але вельмі абмежавана. Праблема ў тым, што не так шмат засталося ўжо родных, якія хацелі б хадзіць у архівы КДБ", – кажа Ганна Севярынец.

"У Беларусі архіў КДБ працуе як склад, які толькі захоўвае справы рэпрэсаваных і іншыя справы НКУС. Практычна ніякага доступу да гэтых справаў няма не толькі ў даследчыкаў, гісторыкаў, але нават у нашчадкаў рэпрэсаваных. Тыя невялікія дасягненні ў адкрытасці архіваў, дасягнутыя да прыходу да ўлады Лукашэнкі, зараз цалкам пахаваныя", – адзначае ў сваю чаргу Зміцер Дрозд. У гэтым, паводле яго, Беларусь нашмат адстае ад суседніх краін, не толькі ад Украіны і Літвы, дзе архівы КДБ поўнасцю адкрытыя, але і ад Расіі. "У нас зараз адбываецца вялацякучы камуністычны рэванш, што адбіваецца на ўсім: доступе да архіваў КДБ, падручніках гісторыі, дзяржаўнай ідэалогіі", – лічыць гісторык.

Интервью с Виктором Мартиновичем

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме