1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

"Тут мы можам не маўчаць". Сям’я актораў пра жыццё ў Польшчы

18 июля 2023 г.

Акторы Дар’я і Андрэй Новікі, якія з'ехалі з Беларусі, расказалі пра сваё жыццё ў эміграцыі, працу пасля пераезду ў Польшчу, запрашэнні у польскія тэатры і першы рэжысёрскі досвед.

https://p.dw.com/p/4U3lB
Андрэй і Дар’я Новікі
Андрэй і Дар’я НовікіФото: Privat

Дома ў актораў Дар’і і Андрэя Новікаў у Варшаве няма амаль нічога з мінулага беларускага жыцця. Пасля звальнення з дзяржаўных тэатраў яны з гадавалым сынам і сабакам адправіліся ў Польшчу як удзельнікі арт-рэзідэнцыі і назад у Беларусь больш не вярнуліся. Праз два гады пасля пераезду Дар’я рэпетуе ролю ва ўжо трэцім польскім спектаклі, а Андрэй спрабуе сябе ў якасці рэжысёра. Выглядае, што сям’я паспяхова наладзіла прафесійнае жыццё за мяжой, праўда, у іх саміх такі погляд збоку выклікае іранічную ўсмешку.

"Калі б не Тэатральны інстытут, у нас бы не было рэсурсаў"

"Я пішу чатыры монаоперы, бо выйграла стыпендыю Варшаўскай абсерваторыі культуры і ў мяне няма выйсця", - Дар’я жартуе і садзіцца за электроннае піяніна. Інструмент і абсталяванне для запісу гука яна набыла акурат за стыпендыяльныя грошы. У Мінску акторка працавала салісткай хору ў Вялікім тэатры оперы і балета і ўдзельнічала ў незалежных тэатральных праектах. З яе голасам яна магла б стаць беларускай Адэль, на што яна адказвае, што ўжо піша альбом.

У кватэры, дзе мы размаўляем з Дар’яй і Андрэем, сям’я жыве амаль ад пераезда. Два гады таму знайсці жыллё ў Варшаве з дзіцём і сабакам дапамог фонд "Гуманош" - прадаставіў адну са сваіх кватэр па нізкім арэндным кошце. "Нам было ўсё роўна, якая яна", - кажа Дар’я. Давялося пафарбаваць сцены, адрамантаваць кран на кухні і набыць мэблю, штосьці прыцягнулі са сметніцы, знаёмая прывезла канапу. Дар’я развесіла сямейныя фотаздымкі і гірлянды: "І нармалёва".

Новікі з сябрамі ў Польшчы
Новікі з сябрамі ў ПольшчыФото: Privat

Цяпер сям’я плануе пераязджаць, бо, як кажа Андрэй, "ёсць шмат іншых, каму спатрэбілася б такая дапамога". Актор быў адной з зорак Рэспубліканскага тэатру беларускай драматургіі, у кастрычніку 2020 года ён падтрымаў абвешчаную Святланай Ціханоўскай усеагульную забастоўку і звольніўся. Дар’я тады была ў дэкрэце і ў Вялікі тэатр не вярнулася: там працягваліся "чысткі" і акторка напісала заяву на звальненне.

Дар’ю і Андрэя часта можна пабачыць у культурніцкіх праектах. Андрэй сыграў у серыяле "Працэсы" Андрэя Кашперскага і фільме "У жывым эфіры" Мары Тамковіч. Разам з іншымі калегамі акторы аб’ядналіся ў Team Theatre, у якога ўжо выйшлі чатыры пастаноўкі, у тым ліку "3@.mova" і "Мора Хрысціны» ў мадэрновым тэатры TR Warszawa. Сям’ю разам ці паасобку часцяком можна сустрэць на беларускіх падзеях Польшчы.

"Жыццё-маліна, - іранізуе Андрэй. - Гэта ўсё дзякуючы польскаму Тэатральнаму інстытуту. Калі б не ён, у нас не было б рэсурсаў, ні фізічных, ні матэрыяльных, ні псіхалагічных. Мы некалькі разоў траплялі да іх у арт-рэзідэнцыі - атрымлівалі па 3000 злотых на месяц і мелі магчымасць менш працаваць у іншых месцах, каб займацца мастацтвам".

"На маю згоду рэжысёр сказаў, што для яго гэта вялікі гонар"

Хутка пасля пераезду ў Польшчу Дар’я пайшла выкладаць вакал, а Андрэй працаваць у дастаўцы Glovo. Без рэзідэнцый магчымасці ўключацца ў культурніцкія праекты ў іх амаль не было. Неўзабаве Дар’ю запрасілі ў спектакль "Mezopotamia" Тэатра Польскага ў Познані: прадстаўнікі тэатру заўважылі яе ў Варшаве ў пастаноўцы "Насця" Юры Дзівакова.

"Калі мне патэлефанавалі, у мяне былі такія вочы, маўляў, як такое магчыма? Спачатку пазваніў мастацкі дырэктар тэатру, а потым рэжысёр, які доўга па-польску распавядаў, пра што хоча паставіць спектакль, і палову я не зразумела. На маю згоду ён сказаў, што для яго гэта вялікі гонар. Я не прызвычаілася да такой камунікацыі. У Вялікім тэатры я была артысткай хору, проста адзінкай з гэтага мяса, спяваеш і добра, не спяваеш – ідзі", – сказала Дар’я. Яна перастала выкладаць вакал, а пасля "Mezopotamia" акторку запрасілі ў яшчэ адзін спектакль тэатра - "Haga".

Сям'я Новікаў
Сям'я НовікаўФото: Privat

Тым часам у рэзідэнцыі Тэатральнага інстытута ўтварылася каманда Team Theatre, з якой Андрэй упершыню паспрабаваў сябе як рэжысёр. Увесь гэты час актор сумяшчае асноўную працу з творчасцю. "Калі ў мяне здымкі альбо спектаклі, я, канешне, не працую, у Glovo я сам выбіраю гадзіны працы, калі ставілі "Мора Хрысціны", два ці тры тыдні не выходзіў на працу, згубіў троху рэйтынга".

"Але падняў рэйтынг як рэжысёр", - падхоплівае мужа Дар’я. "Мора Хрысціны" апавядае пра ноч у менскім РАУСе ў ноч на 10 жніўня 2020 года. "Страху ўзяцца за рэжысёрскую працу не было, я потым злавіў сябе на адчуванні, што займаўся гэтым ўсё жыццё", – дзеліцца Андрэй. Дар’я сыграла ў спектаклі ролю Хрысціны, беспрынцыпнай супрацоўніцы міліцыі. "Да мяне падыходзілі акторкі, на якіх я хадзіла ў Беларусі і думала, што я б так сыграць не змагла, і казалі: "Даша, я б так не змагла". Я думаю, ну нічога сабе!"

"З беларускіх інстытуцый ніхто не дапамагае"

Цяпер Андрэй разам з камандай працуюць над "Цілем Уленшпігелем" у пастаноўцы Юры Дзівакова, а Дар’я пачынае рэпетыцыі ў трэцім для яе польскім праекце, гэтым разам у Teatr Powszechny. Праўда, яны не ўпэўненыя, што іх надоўга хопіць на працу ад праекту да праекту, калі беларускай культурніцкай інфраструктуры за мяжой не існуе і шмат што даводзіцца рабіць бясплатна.

"З беларускіх інстытуцый ніхто не дапамагае, толькі Беларускі дом у Варшаве аднойчы падтрымаў тэатр на 4 тысячы злотых. Значная супраца атрымліваецца хіба з палякамі, "Ціля" зараз Фландрыя падтрымлівае", – расказвае Андрэй. Паводле Дар’і так працаваць можна нядоўга: "Яшчэ на момант, калі Андрэй пачаў ставіць "Хрысціну", мы "здуліся", быццам ува ўсім гэтым няма сэнсу. Беларусы не хочуць плаціць за спектаклі, а нават і за бясплатна не вельмі ходзяць".

Хіба адзіны спосаб застацца ў культуры для беларуса - інтэгравацца ў польскую культуру? "Я толькі так гэта і бачу, - адказвае Андрэй. - Зрухаў у беларускай супольнасці, каб стварыць прымальныя ўмовы, не бачна. Я разумею, можа здавацца, што ў нас і такія спектаклі, і там сыгралі, і туды паехалі. А працаваць я еду ў Glovo".

"Свае грошы ўкладаем ува ўсё, што робім"

Уся беларуская культура за мяжой, паводле Дар’і, у аднолькавым становішчы: усе працуюць дзесьці, каб займацца мастацтвам. Дзеля рэпетыцый акторы бяруць вольныя дні на працах і губляюць у заробку. Каб адыграць спектакль, Дар’я з Андрэем аплочваюць для сына няню. Калі праца каманды не мяркуе аплаты, значыць, усе аказваюцца ў мінусе. За самі паказы спектакляў, зробленых у межах рэзідэнцый, акторы нічога не атрымліваюць.

"І на тым дзякуй, мы хоць штосьці робім, але сказаць, што творчасць прыносіць грошы - не, толькі высмоктвае. Калі б мы ёй не займаліся, займаліся б чымсьці больш прыбытковым", - кажа Дар’я. Зараз яна плануе запісаць сваю песню з беларускімі акторкамі і спявачкамі. На якія сродкі? "Свае грошы ўкладаем ува ўсё, што робім. Я працую ў польскіх тэатрах, зарабляю там, каб потым укладаць у беларускую культуру, - смяецца. - Як гэта называецца? Я валанцёр".

"Мецэнат, - жартуе Андрэй, - Мецэнат беларускай культуры". Актор бярэ зялёны заплечнік Glovo, выбачаецца за адсутнасць аптымізму і сыходзіць на працу, Дар’і час забіраць сына з садка. Яе монаоперы будуць называцца "Маўчанне", "Турма", "Вайна" і "Шлях да свабоды". "Я хачу паказаць, якім можа быць гэты шлях і да чаго можа прывесці маўчанне альбо немаўчанне". Рашэнне з’ехаць у Польшчу ў сям’і ўсё яшчэ лічаць найлепшым - хіба таму што там яны могуць не маўчаць.

Глядзіце таксама:

Маргарыта Ляўчук: "Проста спевы могуць шатаць рэжым"

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще