1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Xатa на колах

Вольга Мельнік

Нямецкія «валацугі» называюць сябе ангельскім словам «Глоубтротэр» і вандруюць па ўсім свеце. Адзін з іх - Йохан Бекер. Сёння яму 62 гады. Разам з жонкай ён жыве літаральна на колах.

https://p.dw.com/p/97UI

«Усё пачалося з таго, што ў нас была надта вялікая хата. Глядзіце самі, у нас было трое дзяцей, кожнаму па пакоі, наша спальня, гасцёўня. Потым дзеці выраслі, што нам рабіць удвох у пяці пакоях? Хату ж патрэбна даглядаць, прыбіраць, рамантаваць. Нам усё гэта проста надакучыла. Дом мы прадалі, пераехалі на кватэру. Потом яшчэ раз пераехалі, яшчэ, усё не тое. Тады мы вырашылі, калі нам на месцы не сядзіцца, давай купім "Кэмпер", такі жылы аўтобус, хату на колах і паездзем па свеце. Вось з тае пары мы і вандруем.»

Сказана - зроблена. Бекеры здалі кватэру, прадалі мэблю і сталі валацугамі. Целы год яны вандравалі па ЗША. Потым - па Канадзе і Мексіцы. Але асабліва іх уразіла Індыя. Вось ужо некалькі гадоў зaпар яны праводзяць таму ўсю зіму. Але чым іх так вабіць валацужнае жыццё?

«У першую чаргу, гэта адчуванне свабоды. Гэтае вызваленне ад адказнасці і абавязкаў. Вось жывяце вы ў сваёй хаце, Вам трэба тратуар перед ёй месці, зімой - снег прыбіраць. Гэткія будзёныя, банальныя рэчы. Усё гэта адпадае. І фінансавыя абавязкі таксама. Не трэба страхоўку за хату плаціть, падатак на нерухомасць. У многіх краінах жыццё значна таннейшае, чым у Нямеччыне. Я не ведаю, ці можна гэта назваць свабодай, але вызваленнем дык напэўна».

Вальбурга і Йохан нават на некі час адмовіліся ад медычнай страхоўкі. Са здороўем дагэтуль усё ў парадку, але калі нешта здарыцца, то зусім не абавязкова класціся ў шпіталь менавіта ў Нямеччыне:

«У Індыі альбо іншых краінах трэцяга свету медычнае абслугоўванне не горшае, чым ў Нямеччыне. Зразумела, пры ўмове, калі вы ў стане за яго заплаціць».

Бекеры - не выключэнне. Сучасных валацугаў у Нямеччыне не так ужо і мала. Большасць ведаюць адзін аднаго і рэгулярна абменьваюцца адрасамі, парадамі. Натуральна, шмат хто марыць паездзіць па свеце, але не кожны адважваецца здзейсніць гэтую мару. Не дазваляе праца альбо прыватныя абставіны. Ну, і ў фінансавым плане трэба быць незалежным, без саліднага рахунку ў банку ці добрай пенсіі цяжка адважыцца на такую авантуру. Акрамя таго, блізкія людзі звычайна балюча рэагуюць на ідэю адмовіцца ад аседлага жыцця. Але ў сямейства Бекераў такіх праблемаў не было:

«Самые блізкія нашыя сябры, наадварот, падтрымалі нас, маўляў, зайздросцім Вам, нам бы столькі мужнасці. А вось у нашай старэйшай дачкі тады было ўжо два дзіцяці. Яна была супраць нашай задумы. Справа зразумелая, яна хацела б, каб дзядуля з бабуляй былі пад бокам, каб было каму ўнукаў выхоўваць. Але мы пакуль што не дараслі да гэтай ролі. Але так, каб нас наўпрост у вочы называлі вар'ятамі, гэтага не было».

Жылы аўтобус у Бекераў абсталяваны па апошнім слове тэхнікі: міні-варэнная, душ, пральная машына, тэлевізар... Спадарожнікавыя тэлепраграмы можна прымаць па ўсім свеце. Але як можна жыць гадамі ў такой цеснаце? Што гэта, калі не ўцёкі ад будняў, ад праблемаў, а, мабыць, таксама і ад самога сябе?

«Мне заўсёды падабалася вандраваць па свеце. А вось жонка мая – чалавек аседлы, каб па ёй, мы б назаўсёды засталіся ў Кёльне. Мы доўга спрачаліся. І яна задавала мне адно і тое ж пытанне: ад чаго ты спрабуеш уцячы? А потым мы усё ж такі прыйшлі да высновы, што уцякаць няма куды. Калі ў чалавека праблемы, ён іх паўсюль возіць з сабой. Ад сабе нікуды не ўцячы. Так што ў нас гэта не ўцёкі. Мы проста жадаем пабачыць свет».

Цяжка сказаць, як доўга яшчэ Йохан і Вальбурга Бекер будуць вандраваць па свеце. Ва ўсялякім разе, за ўвесь час, пакуль Йохан апісваў хараство валацуства, Вальбурга не прамовіла ані воднога слова.