1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Апазіцыя рыхтуецца да Дню Волі ў міжнародным аспекце

15 марта 2009 г.

За шэсцем і мітынгам на Дзень Волі 25 сакавіка будуць сачыць еўрапейскія палітыкі, а беларускія арганізатары акцыі спадзяюцца, што ва ўладаў хопіць здаровага сэнсу не паўтарыць гвалтоўны сцэнар мінулага году.

https://p.dw.com/p/HCMD
Прадстаўнікі Партыі БНФФото: DW

Як заявілі 13 сакавіка арганізатары акцыі на Дзень Волі, які будзе адзначацца 25 сакавіка, за шэсцем і мітынгам ў Мінску будуць назіраць прадстаўнікі партый і арганізацый з Еўропы. Самі заяўнікі мерапрыемства – кіраўнікі Партыі БНФ - спадзяюцца, што ва ўладаў хопіць здаровага сэнсу не паўтарыць мінулагодні сцэнар, калі пад час мірнага шэсця былі збітыя і затрыманыя многія ўдзельнікі, а таксама некаторыя журналісты недзяржаўных СМІ.

Міжнародны аспект

Нягледзячы на тое, што арганізатары акцыі падалі заяўку ў Мінскі гарвыканкам на правядзенне 25 сакавіка ў сталіцы шэсця і мітынга больш за месяц таму, дагэтуль гарадскія ўлады не далі ніякага адказу. Па словах старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага, сёлетні Дзень Волі мае міжнародны аспект, паколькі цяперашняя акцыя будзе адбывацца пад час так званага дыялогу паміж афіцыйным Мінскам і Еўрапейскім Звязам.

Тым больш што менш як праз месяц завяршаецца паўгадавы выпрабаваўчы тэрмін, які Еўразвяз даў беларускаму кіраўніцтву, каб тое прадэманстравала шчырасць сваіх намераў на збліжэнне Беларусі і Еўропы. 13 красавіка будзе вырашацца пытанне аб адмене ці аднаўленні санкцый Еўразвязу дачынна да высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў.

Адсутнасць прагрэса

Моладзь са сцягамі Еўразвязу
За сёлетняй акцыяй на Дзень Волі будуць сачыць прадстаўнікі ЕўразвязуФото: AP

На думку Лявона Баршчэўскага, пакуль што ніякага істотнага прагрэсу ў пытаннях лібералізацыі і дэмакратызацыі ў Беларусі не назіраецца, паколькі дзеянні ўладаў грунтуюцца пераважна не на заканадаўстве, а на мэтазгоднасці, а таксама на настроі чыноўнікаў. Як прыклад палітык узгадвае, з- аднаго боку, жорсткі разгон вулічных акцый 14 і 16 лютага, а з іншага боку, абсалютна мірнае развіццё падзеяў пад час пікету апазіцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 12 сакавіка. "Інстытуцыянальных, незваротных змен у Беларусі няма і пакуль, на жаль, не прадбачыцца, улада дзейнічае па прынцыпе "як я захачу", - мяркуе Баршчэўскі.

Як лічыць лідэр Партыі БНФ, акцыя 25 сакавіка мае стаць лакмусавай паперай для сённяшняга кіраўніцтва Беларусі. Акцыя плануецца выключна як мірная, падкрэслівае палітык, таму яе арганізатары маюць намер звяртацца да міжнародных партнёраў, каб Еўропа і свет іншым разам паглядзелі, як беларускія ўлады будуць паводзіць сябе падчас мерапрыемства і змаглі прымаць далейшыя рашэнні.

Еўрапейцы і Дзень Волі

Першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка адзначыў, што сёння еўрапейскім палітыкам і структурам ужо не трэба тлумачыць, што такое 25 сакавіка для беларусаў. Па словах Вячоркі, там ведаюць і пра ідэйны змест 25 сакавіка. Гэтаму паспрыяла зладжаная летась у Еўрапейскім Парламенце прадстаўнікамі беларускай апазіцыі ўшанаванне 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. "Мы зрабілі дзень беларускай Незалежнасці фактам еўрапейскага палітычнага календара", - падсумаваў намеснік старшыні БНФ.

Па словах Вінцука Вячоркі, за ходам акцыі будуць сачыць і прадстаўнікі еўрапейскай супольнасці, дыпламатычнага корпуса. Прыбудуць у сталіцу Беларусі і палітыкі з Нямеччыны: 24-25 сакавіка ў Мінск прыедзе Андрэас Шокенгоф (Andreas Schockenhoff) – намеснік адказнага за міжнародную палітыку фракцыі ХДС/XCC Бундэстагу, разам з дарадцам фракцыі і партыі Гансам Фаленскі (Hans-Joachim Falenski).

Вінцук Вячорка падкрэсліў, што на мітынгу 25 сакавіка палітыкі будуць казаць і пра еўрапейскую будучыню Беларусі. Апазіцыянер падкрэсліў, што Беларусь вернецца ў Еўропу тады, "калі ў ёй адновяцца еўрапейскія механізмы здзяйснення ўлады, гарантыі ўласнасці і правоў, еўрапейскія эканамічныя прынцыпы".

Лідэры Партыі БНФ паведамілі, што жаданне аказаць падтрымку, у тым ліку і арганізацыйную, акцыі 25 сакавіка выказалі Аб’яднаная грамадзянская партыя, Еўрапейская кааліцыя, “Народная грамада” (БСДП), кампанія “Еўрапейская Беларусь”, а таксама ўсе дэмакратычныя моладзевыя арганізацыі краіны.

Аўтар: Генадзь Канстанцінаў

Рэдактар: Вікторыя Заранка

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме