1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Выбары: ціск на апазіцыю і "акно магчымасцяў" для Еўропы

Генадзь Канстанцінаў8 сентября 2008 г.

У часе кампаніі па выбарах дэпутатаў парламента на яе ўдзельнікаў ад дэмакратычных сілаў узмацняецца ўціск, што можа падштурхнуць апазіцыю да зняцця сваіх кандыдатаў.

https://p.dw.com/p/FDZb

Адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", кандыдат у дэпутаты Дзяніс Садоўскі паведаміў пад час сустрэчы з журналістамі 8 верасня, што ўлады працягваюць пераслед актывістаў БХД у многіх раёнах Беларусі: "Пастаянна ідзе ўціск на кандыдатаў, на сябраў ініцыятыўных груп і на давераных асобаў. За апошнія паўтары тыдні за ўдзел у выбарчай кампаніі чатыры сябры аргкамітэту БХД страцілі працу альбо былі выгнаныя з універсітэтаў".

У Гомелі быў змушаны звольніцца з працы актывіст БХД Кастусь Жукоўскі, цяперашні кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, тое ж самае здарылася і з кіраўніком выбарчага штабу Жукоўскага Алесем Сіваковым. З Магілёўскага дзяржаўнага універсітэту за быццам бы акадэмічную запазычанасць была адлічаная каардынатар аргкамітэту БХД па Магілёўскай вобласці Таццяна Шамбалава, якая была самай маладой прэтэндэнткай на кандыдата ў Беларусі, але не была зарэгістраваная, а з Полацкага дзяржуніверсітэту гэткім жа чынам быў выдалены тамтэйшы актывіст БХД і "Маладога Фронту" Мікалай Дземідзенка, удзельнік перадвыбарчага штабу кандыдата ў дэпутаты Таццяны Севярынец. Уціск на сябраў БХД чыніўся ў іншых гарадах краіны.

Выбары – толькі нагода

Паводле словаў Таццяны Шамбалавай, удзел у выбарчай кампаніі часам рабіўся толькі нагодай для пазбаўлення ад няўгодных кіраўніцтву ВНУ студэнтаў.

"Мяне выклікалі да дэкана пасля студэнцкага пікету – акцыі пратэсту супраць адмены ільготаў. Тады прагучала фраза: "у далейшым пытанне вашага навучання ў дзяржаўным універсітэце за дзяржаўны кошт можа легчы ў практычную плоскасць". Напэўна, гэтае пытанне і легла ў практычную плоскасць у час выбарчай кампаніі".

Symbolbild, EU, Fahne, Flagge, Hände, Hand
Фото: AP

Дзяніс Садоўскі заявіў, што хрысціянскія дэмакраты могуць адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў выбарах: "Мы ў гэтай сітуацыі не можам працягваць заклікаць людзей удзельнічаць і галасаваць за нас, і разумеючы тое, што ў любы дзень і час тое ж самае можа адбыцца з кожным з нас, мы заклікаем людзей не ўдзельнічаць у гэтым выбарчым фарсе і плануем, каб ужо да 23 верасня нашы кандыдаты ўжо не ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі".

Некаторыя палітыкі, якія заяўляюць пра магчымае зняццё дэмакратычных кандыдатаў з выбараў за некалькі дзён да галасавання, разлічваюць, што такі крок паспрыяе непрызнанню міжнароднай супольнасцю гэтых выбараў. Але, як адзначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, хоць у выніковай справаздачы місіі міжнародных назіральнікаў будуць зафіксаваныя многія негатыўныя моманты, сутнасці выніковага дакументу гэта не зменіць.

Прызнанне прадбачанае

"Гэтая місія настроена вельмі талерантна, улічваецца той кантэкст, што зараз Захад і Еўропа, у прыватнасці, хоча скарыстаць гэтае "акно магчымасцяў", шанец на паляпшэнне дачыненняў з Беларуссю, - лічыць Аляксандр Класкоўскі. – На пэўныя хібы выбарчай кмапаніі Еўропа сёння гатова заплюшчыць вочы, таму што кажуць ужо не аб цалкам дэмакратычных выбарах, а каб быў прагрэс у параўнанні з папярэднімі".

Што да выключэнняў актывістаў з ВНУ, то, на думку аналітыка, усё абстаўляецца як іхняя элементарная акадэмічная непаспяховаць, і міжнародным назіральнікам вельмі цяжка давесці, што гэта звязана менавіта з выбарчай кампаніяй.

Што да заяваў аб магчымым зняцці дэмакратычных кандыдатаў з выбараў, то Аляксандр Класкоўскі падкрэсліў: "Захад сёння не зацікаўлены, каб беларуская апазіцыя байкатавала выбары, бо гэта, напэўна, камусьці на Захадзе здаецца нейкай дзіцячай гульнёй, якая можа сапсаваць сапраўды сур’ёзныя шансы на нармалізацыю стасункаў".

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще